Мінфін: Калі кожны будзе вырашаць, куды накіраваць 1% падаткаў, анархія будзе

Пакуль палякі вырашаюць, куды накіраваць дабрачынны 1% сваіх падаткаў, беларусы плацяць падаткі з дабрачыннасці.
У гэтыя дні палякі вырашаюць, куды накіраваць 1% сваіх падаткаў. Прэзідэнт Лех Качынскі, напрыклад, 1% сваіх падаткаў прызначыў дзіцячаму хоспісу.

Ужо сёмы год частку сваіх падаткаў у Польшчы можна аддаць на дзейнасць дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць хворым дзеткам, ратуюць мядзведзяў, наглядаюць за кінутымі катамі ды сабакамі ці збіраюць грошы на дапамогу афрыканцам. Пры польскім Міністэрстве грамадскай палітыкі нават існуе спецыяльны дэпартамент, які адказвае за дабрачынную дзейнасць.

Супрацоўніца гэтага дэпартамента распавяла Еўрарадыё, што такое існуе ва ўсіх краінах Цэнтральнай Еўропы: “З таго, што я ведаю, такі механізм існуе таксама ў Венгрыі, Літве, Румыніі і Славакіі”.

А вось у беларускім Міністэрстве па падатках Еўрарадыё паведамілі, што ў нас такой магчымасці не існуе. Супрацоўнік прэс-цэнтра ўпэўнены, што такога не існуе і ў іншых краінах:

“Такога нідзе няма, што 1% падатку аддаецца на сацыяльныя патрэбы”.

У аддзеле падаткаабкладання Міністэрства фінансаў Еўрарадыё кажуць, што такая ініцыятыва — прамы шлях да анархіі:

Супрацоўніца аддзела падаткаабкладання Мінфіна: “Калі кожны будзе рабіць так па сваім меркаванні, то ў дзяржаве анархія будзе. 1% для дзяржавы таксама шмат значыць”.

Еўрарадыё зацікавілася, якім чынам тады можна займацца дабрачыннасцю ў Беларусі. Самы просты спосаб — гэта смс-кі. Кожны жадаючы, які хоча дапамагчы хворым дзеткам, высылае паведамленне на спецыяльны нумар. Грошы за смс-паведамленне пералічваюцца на рахунак таго, каму яны патрэбныя. Аднак, як расказалі нам ў прэс-цэнтры МТС, яны не займаюцца падобнымі акцыямі:

Супрацоўнік прэс-цэнтра МТС: “Такіх акцый няма”.

У кампаніі Velcom таксама пацвердзілі, што нічога падобнага ў краіне не існуе.

Журналістка Аляксандра Слуцкая, у якой не атрымалася арганізаваць дабрачынную смс-акцыю, распавяла Еўрарадыё, у чым справа. У кошт такой смс-кі павінен ўваходзіць яшчэ падатак і сума аплаты мабільнаму аператару за паслугу. Такім чынам, атрымліваецца, што да адрасата дойдзе толькі частка сумы.

Аляксандра Слуцкая: “Аператары гатовы адмовіцца ад сваёй аплаты, але сума падаткаў атрымліваецца такая, што высылаць гэтыя смс-кі немэтазгодна”.

Тады Еўрарадыё пайшло складаным шляхам дабрачыннасці — пералічэнне грошаў на асабісты рахунак.

У аддзеле падаткаабкладання Міністэрства фінансаў Еўрарадыё растлумачылі, што ў краіне існуе адзіны падаходны падатак. Раней існавалі ільготныя падаткі для дабрачыннай дзейнасці, але пасля выпадкаў злоўжывання іх адмянілі. Але нас запэўнілі, што ўсё ж такі існуе магчымасць не плаціць падатку:

Супрацоўніца аддзела падаткаабкладання Мінфіна:
“У Мінгарвыканкама ёсць такое права — вызваляць ад падаходнага падатку”.

Такім чынам, калі палякі вырашаюць, куды накіраваць дабрачынны адсотак сваіх падаткаў, беларусы плацяць падаткі з дабрачыннасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі