Мінінфарм пакуль не ведае, ці будзе блакаваць доступ да "Рэгнума"
8 і 9 снежня стала вядома пра затрыманне ў Беларусі адразу трох аўтараў шэрагу расійскіх інфармацыйных і публіцыстычных сайтаў: Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі. Іх падазраюць у распальванні міжнацыянальнай варожасці, а таксама ў змове. Усім тром пагражае рэальны тэрмін да 12 гадоў.
Пазней стала вядома, што затрыманню публіцыстаў папярэднічаў зварот міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч на адрас прадстаўніка прэзідэнта Расіі па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Міхаіла Швыдкога. У звароце Ананіч указвала на спрэчныя публікацыі ў расійскіх СМІ. Расійскія ўлады не зрабілі рэальных крокаў, і Мінінфармацыі пачало дзейнічаць праз Генпракуратуру.
Публіцыстаў арыштавалі, змясцілі пад варту. Аднак праз няпоўны тыдзень пасля іх затрымання артыкулы Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнкі па-ранейшаму лёгка знайсці ў інтэрнэце. З пытаннем, ці разглядаецца варыянт абмежавання доступу да публікацый, у якіх беларускія праваахоўнікі заўважылі "распальванне міжнацыянальнай варожасці", звяртаюся ў Мінінфарм. З супрацоўніцай прыёмнага пакоя ў мяне адбываецца наступны дыялог:
— Усю інфармацыю на гэты конт вы можаце знайсці на сайце міністэрства альбо агенцтва БЕЛТА.
— Але там няма ні слова на тэму таго, аб чым я ў вас пытаюся.
— Гэта ўсё, што я магу вам сказаць. Я толькі што кансультавалася з намеснікам міністра.
— Я разумею, але хацеў бы атрымаць адказ на сваё пытанне.
— Я магу вас накіраваць ва Упраўленне прававой працы. Але там вам хутчэй за ўсё скажуць тое самае.
Старшыня Упраўлення Вікторыя Мялешка параіла звярнуцца "дні праз два". Магчыма, тады стане вядома, ці будзе ў Беларусі абмежаваны доступ да публікацый, за якія тром публіцыстам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму.