Міжнародны скандал: Турцыя збіла на мяжы з Сірыяй расійскі самалёт СУ-24

Міжнародны скандал: Турцыя збіла на мяжы з Сірыяй расійскі самалёт СУ-24

Турцыя збіла на мяжы з Сірыяй расійскі ваенны самалёт СУ-24. Двое пілотаў паспелі катапультавацца. Гэта першая страта расійскай ваеннай авіяцыі падчас сірыйскай аперацыі.

Афіцыйныя прадстаўнікі турэцкіх ваенных пацвердзілі, што невядомы самалёт уварваўся з Сірыі на тэрыторыю Турцыі і быў збіты самалётам F-16. Самалёт упаў на сірыйскай тэрыторыі, у правінцыі Латакія, інфармуе Reuters. Раней Турцыя выносіла папярэджанне Расіі за парушэнне паветранай прасторы расійскімі ваеннымі самалётамі.

Міністэрства абароны Расіі прызнала, што на сірыйска-турэцкай мяжы быў збіты расійскі самалёт СУ-24. Сцвярджаецца, што ён не залятаў на турэцкую тэрыторыю.

У інтэрнэце ўжо з'явілася відэа падзення збітага самалёта, знятае турэцкім тэлеканалам Haberturk. Турэцкія СМІ паведамляюць, што адзін з расійскіх пілотаў апынуўся на тэрыторыі Турцыі.

Як можна чакаць, выбухне міжнародны скандал. Прэм'ер Турцыі ўжо даручыў правесці кансультацыі з ААН і NATO ў справе збітага самалёта.

Фота: CNNTurk

Турэцкія вайскоўцы паказалі траекторыю палёту расійскага бамбардзіроўшчыка. Ён сапраўды ненадоўга заляцеў на тэрыторыю Турцыі. Паведамляецца, што пілот быў папярэджаны 10 разоў на працягу 5 хвілін, але не адрэагаваў. Самалёт упаў на тэрыторыі Сірыі, якую кантралююць сірыйскія туркмены, якія ваююць супраць войскаў Асада, а таксама супраць ІД. Агенцтва "Анадолу" паведамляе, што адзін з пілотаў знойдзены сірыйскімі апазіцыянерамі на тэрыторыі, дзе працягваюцца баі паміж апазіцыяй і сіламі рэжыму Асада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі