МУС Беларусі абвясціла "экстрэмісцкім фарміраваннем" ініцыятыву dissidentby
Dissidentby займаецца падтрымкай беларускіх палітвязняў
МУС Беларусі прызнала "экстрэмісцкім фарміраваннем" ініцыятыву dissidentby, якая займаецца падтрымкай палітвязняў. Валанцёры ініцыятывы збіраюць для зняволеных перадачы, афармляюць для іх падпіскі на газеты і часопісы, пералічваюць грошы ім на рахункі, а таксама дапамагаюць сем'ям палітвязняў і вызваленым.
Актывісты dissidentby таксама вялі інфармацыйную працу — расказвалі пра зняволеных у сацсетках і на разнастайных мерапрыемствах. Праз dissidentby можна таксама напісаць ліст беларускім палітвязням.
Але ў МУС палічылі, што ўся гэтая праца з'яўляецца "арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыяй і абразай службовых асоб". За гэта "групу грамадзян, аб'яднаных пад назвай dissidentby" і прызналі "экстрэмісцкім фарміраваннем", гаворыцца ў паведамленні сілавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.