Муж Тацяны Гацуры-Яворскай расказаў, як яго выганялі з Беларусі

Муж Тацяны Гацуры-Яворскай расказаў, як яго выганялі з Беларусі

Праваабаронца Уладзімір Яворскі, муж Таццяны Гацуры-Яворскай, расказаў, як яго выганялі з Беларусі. Свой допіс ён апублікаваў у Фэйсбуку.

Па яго словах, 12 красавіка дома ў Яворскіх адбыўся паўторны ператрус. Падчас яго следчыя забралі старыя дакументы, старыя тэлефоны і г.д. "Яны шукалі тое, чаго на самай справе ў нас не было, таму знайсці гэта было немагчыма. Далей быў некалькігадзінны допыт", — піша Яворскі. Дэталі ён апісваць не стаў, бо даў падпіску аб неразгалошванні: мужчына праходзіць сведкам па крымінальнай справе.

Аднак пра акалічнасці самога допыту ён расказаў.

"Допыт быў, мякка кажучы, непрыемным і суправаджаўся псіхалагічным і фізічным гвалтам. Пыталіся пра маю дзейнасць, а таксама дзейнасць маёй жонкі — Таццяны Гацуры-Яворскай, якая была прызнаная падазраванай і затрыманая за тыдзень да таго, пасля першага ператрусу. Вядома, аб праве не даваць сведчанняў пра сябе або сваякоў ніхто не ўспамінаў, і чуць не хацеў, і пра адваката ніхто не ўспамінаў", — згадвае Яворскі.

Пра тое, што мужа збілі, расказала пасля вызвалення і сама Таццяна Гацура-Яворская. Яе адпусцілі з СІЗА №1 увечары 15 красавіка, не выставішўы абвінавачанняў. Пад вартай жанчына парвяла 10 дзён.

Пасля допыту Яворскаму далі 48 гадзін на тое, каб пакінуць Беларусь разам з дзецьмі. (Сам ён украінец з паходжання.) "Пры гэтым мяне пагражалі затрымаць па крымінальнай справе, а дзяцей прызначыць у спецыяльныя ўстановы. Таксама мяне папярэдзілі, што мне забаронены ўезд у краіну цягам 10 гадоў. Ніякіх дакументаў пра гэта вядома прадстаўлена не было, але гучала цалкам пераканаўча", — распавядае ён.

У сераду, 14 красавіка, Яворскі вылецеў з Мінска ў Львоў разам з малодшым сынам. Трое іншых, больш дарослых дзяцей засталіся ў Мінску. 

Уладзімір Яворскі лічыць, што Украіна павінна адрэагаваць на такія дзеянні: "Я лічу, што Украіна, вядома, павінна рэагаваць на падобныя дзеянні. Гэта не проста мая асабістая справа. Гэта не толькі пытанне пра масавыя пераследы праваабаронцаў у Беларусі за цалкам звычайную праваабарончую працу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі