Мясніковічу ды Бердымухамедаву падарылі дываны за 1,5 тысячы долараў

Беларуска-туркменская выстава-ярмарка тавараў праходзіць цяпер у "Чыжоўка-арэне".

Памылкова трапляю на яшчэ адну выставу-продаж тавараў з Туркменістана. Народ, у асноўным пенсіянеры, збіраецца вакол сталоў з наваленымі ў гару ручнікамі за 50 тысяч, джынсамі за 120 тысяч ды майкамі за 40 тысяч рублёў.

"Усе дзяды будуць твае!" — сяброўкі-пенсіянеркі выхваляюцца набыткамі. Тая, на якую будуць заглядацца ўсе дзяды-равеснікі, набыла зялёную майку ў белыя гарохі. Народу проста не прапхнуцца.

Абегшы ўсю выставу, здзіўлена пытаюся ў грузчыкаў, дзе ж дываны, на якія глядзеў прэм'ер-міністр?!

Тыя смяюцца: Вам да цэнтральнага ўваходу! Гэта зусім іншая выстава!

На гэтай выставе значна меней людзей. Мякка кажучы, іх амаль зусім няма.

Заўважаю тую самую бялізну з ільну Аршанскага ільнокамбіната, якую ўчора глядзеў премьер-міністр Беларусі і прэзідэнт Туркменістана.

"600 тысяч плед, чысты лён!" — кажуць мне хлопцы-мэнэджары. Прапаноўваюць пасцельную бялізну — 1,2 мільёна за камплект. Аказваецца ніхто ім ніякія пледы быццам бы і не падарыў.

"Дзіўнае было адкрыццё — яны прабеглі,паглядзелі і ўсё", — дзеляцца ўражаннямі хлопцы.

Майстрыца дываноў з Туркменістана Айсона займаецца тканнем дываноў амаль 30 гадоў. Рэкламуе сваю прадукцыю — жаночыя хусткі, дываны з воўны і шоўку.

Паказваю жанчыне фота з прэм'ер-міністрам ды прэзідэнтам, тая вельмі радуецца.

Я хачу такі ж дыван, як у Мясніковіча, але Айсона расчароўвае.

"Такіх больш няма, я іх падарыла — нашаму прэзідэнту і вашаму прэм'еру, здаецца, Мясніковічу", — кажа жанчына. Пытаюся, ці ацанілі падарунак госці. Айсона смяецца.

"Вядома, абрадаваліся, такія дарагія дываны!" — аказваецца, адзін такі дыван каштуе 1,5 тысячы долараў.

Айсона перажывае, што больш ніхто нічога ў яе не набыў, акрамя хустак на галаву.У сярэднім кошт дывана ў яе — ад 800 долараў. Ёсць і па 3000 долараў.

"Мо гэта дорага? Цікавяцца людзі, але пакуль ніхто нічога. Але ж мы першы раз, мо людзі не ведаюць. Да таго ж, мо грошай не ўзялі адразу столькі",Айсона спадзяецца, што да канца выставы прадасць хоць адзін дыван.

Па законе прэмьер-міністр краіны павінен гэты дыван перадаць дзяржаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі