МЗС — пра візавыя перамовы: ЕС ставіць патрабаванні, якіх няма для іншых краін

МЗС — пра візавыя перамовы: ЕС ставіць патрабаванні, якіх няма для іншых краін

Беларусь працягне перамовы з ЕС для спрашчэння ўзаемных паездак. Пра такую заяву начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза паведамляе БЕЛТА

Такім чынам дыпламат адказаў на ​​пытанне, якім чынам закране грамадзян нашай краіны нядаўняе рашэнне амбасадараў краін ЕС пра перамовы з Еўрапарламентам па карэкціроўцы Візавага кодэкса. Глаз адзначыў, што Візавы кодэкс краін Шэнгенскай зоны будзе змяняцца пераважна ў больш жорсткі бок. Напрыклад, там прапануецца вызначыць перыяд падачы візавых заявак не пазней, чым за 15 дзён да паездкі. Як паведамлялася раней, консульскі збор плануецца павялічыць да 80 еўра (сёння — 60 еўра). Таксама могуць быць уведзены агульныя патрабаванні да выдачы шматразовых віз на тэрмін ад 1 да 5 гадоў для пастаянных заяўнікаў.

Вядома, такія змены адаб'яюцца і на беларусах, якія наведваюць краіны Шэнгенскай зоны. 

Глаз падкрэсліў, што Беларусь паслядоўна выступае за спрашчэнне ўзаемных паездак. Пра гэта сведчыць, напрыклад, пяцідзённы бязвізавы ўезд у нашу краіну для грамадзян краін Еўрасаюза. Паводле перамоваў аб спрашчэнні візавых працэдур, якія Беларусь вядзе з ЕС, прапануецца знізіць кошт шэнгенскіх віз да 35 еўра, выдаваць бясплатныя візы ўдзельнікам культурных, навуковых, гуманітарных праграм, а таксама спрасціць парадак падачы дакументаў.

У зацягванні гэтых перамоваў прадстаўнік беларускага МЗС абвінаваціў Еўрасаюз. "Нашы партнёры выказалі шэраг патрабаванняў, якіх няма ў аналагічных пагадненнях ЕС, напрыклад, з Арменіяй або Азербайджанам. У прыватнасці, пра неабходнасць падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры, што, вядома, прывядзе да падаражэння візавых працэдур", — патлумачыў ён. На думку Анатоля Глаза, такія ўмовы палітызуюць сферу ўзаемных паездак і ставяць нашых суграмадзян у няроўныя ўмовы, таму беларускі бок не хоча на іх пагадзіцца.

Дата чарговых кансультацыяў па гэтым праекце цяпер узгадняецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі