МЗС РФ аб'явіла пра закрыццё карпункта Deutsche Welle ў Расіі
3 лютага МЗС РФ аб'явіла пра закрыццё карпункта Deutsche Welle ў Расіі. Будзе спынена вяшчанне DW на расійскай тэрыторыі праз спадарожнік (як і любое іншае), усе супрацоўнікі расійскага бюро пазбаўляюцца акрэдытацыі. Deutsche Welle збіраюцца прызнаць "замежным агентам". Гэта адказ Масквы на забарону вяшчання нямецкамоўнага RT у Еўропе, піша "Новая газета". У РФ збіраюцца скласці "чорны спіс" асоб, адказных за забарону вяшчання RT DE ў Еўропе. Ім забароняць уезд у Расію.
Прапагандысцкі RT DE знялі з вяшчання ў Еўропе яшчэ ў канцы мінулага года. А 2 лютага нямецкі рэгулятар афіцыйна яго забараніў з-за адсутнасці ліцэнзіі.
МЗС РФ пагражае мерамі ў адказ і супраць "інтэрнэт-пасярэднікаў", якія выдалілі акаўнты тэлеканала. Гаворка найперш пра YouTube, які летась выдаліў акаўнты, звязаныя з RT DE.
У расійскім знешнепалітычным ведамстве заявілі, што гэта толькі "першы этап мер у адказ". Калі будуць наступныя этапы, пакуль невядома.
Метады МЗС Расіі вельмі знаёмыя: МЗС Беларусі восенню 2020-га пазбавіў акрэдытацыі ўсе замежныя СМІ, якія асвятлялі пратэсты (акрамя лаяльных расійскіх і кітайскага інфармагенцтва "Сіньхуа").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.