На беларускамоўным табло ў мінскім аэрапорце — 4 памылкі
6 студзеня ў тэлеграм-канале “#МотолькоПомоги: Минск” з’явілася фота табло ў мінскім аэрапорце, надпісы на якім зробленыя па-беларуску. Раней на табло выкарыстоўваліся толькі дзве мовы: англійская і руская — а напачатку кастрычніка дадалася кітайская мова.
Амаль адразу пасля гэтага незадаволеныя беларусы пачалі звяртацца ў адміністрацыю аэрапорта з просьбай дадаць на табло беларускую мову. У інтэрнэце з’явілася адпаведная петыцыя, пасля — яшчэ адна, якую за два тыдні падпісала амаль 1 тысяча чалавек.
Еўрарадыё вельмі ўзрадавалася з’яўленню беларускай мовы на табло аэрапорта. Але адразу знайшлася і нагода для смутку: у беларускамоўных надпісах зроблена чатыры памылкі:
— замест “назначэння” трэба пісаць “прызначэння”;
— замест “па раскладу” — “па раскладзе”;
— правільныя назвы гарадоў: “Амстэрдам”, а не “Амстердам”; "Брусэль", а не "Брусель".
Па парадку беларуская мова з’яўляецца на табло пасля кітайскай — пра гэта сведчыць частка экрана, на якой яшчэ не паспелі абнавіцца надпісы іерогліфамі. Магчыма, мы б заўважылі больш памылак, калі б пабачылі ўсё табло цалкам па-беларуску.
Мяркуючы па ўсім, з новага года на табло ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” выкарыстоўваюцца 4 мовы: англійская, руская, кітайская і беларуская. Раней дырэктар аэрапорта Дзмітрый Мелікян тлумачыў, што інфармацыю на беларускай мове не перадаюць, "каб яна не скажалася":
"Трэба, каб людзі арыентаваліся нармальна. Асабліва з улікам таго, што сёння 30% карыстальнікаў аэрапорта, — транзітныя пасажыры, якія не з'яўляюцца беларускамоўнымі. Мы ў першую чаргу робім так, каб было зручна пасажыру, каб не ўзнікала лішніх пытанняў. Хачу нагадаць, што бліжэйшыя рэгіёны РФ, такія як Смаленская, Пскоўская вобласці, таксама з'яўляюцца карыстальнікамі Нацыянальнага аэрапорта. Яны яго прынялі як лепшы варыянт у параўнанні з Маскоўскім аэравузлом".