На вайне Лябедзька згубіў трох сваякоў, а дзядуля Пугача ўцёк з палону

Еўрарадыё працягвае шукаць сваякоў вядомых беларусаў, якія атрымалі баявыя ўзнагароды падчас Вялікай Айчыннай Вайны.

Паўабаронца “БАТЭЗміцер Ліхтаровіч дакладна ведае, што ў баях Другой Сусветнай Вайны ўдзельнічаў дзядуля па матчынай лініі. Прычым, на фронт Віктар Аляксеевіч Васільеў пайшоў у 18-гадовым узросце.

“Служыў ён у авіяцыйных войсках, але, дзе дакладна, я вам не магу сказаць, — узгадвае знакаміты футбаліст. — Проста я асабліва і не памятаю, каб дзядуля нешта распавядаў пра вайну, мне падаецца, што ён проста і не жадаў кранаць гэтую тэму. Пасля вайны ён працягнуў службу і дэмабілізаваўся ў 28-гадовым узросце ў званні падпалкоўніка. Былі ў яго і ордэны і медалі, але за што, я таксама не скажу”.

У электронным банку дакументаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай Вайны podvignaroda.ru знайшоўся толькі адзін Віктар Аляксеевіч Васільеў, які адпавядае апісанню ўнука. Ваяваў ён у Штабе авіякорпуса знішчальнікаў. Медаль “За баявыя заслугі” дзядуля футбаліста атрымаў праз свае “стрыманасць, вытрымку ды прыклад самаадданасці сваім падначаленым падчас інтэнсіўнага артабстрэлу”. А за “хуткае арыентаванне ў паветранай абстаноўцы, яе граматную ацэнку і прынятыя па ёй рашэнні”, а таксама за “тактычную граматнасць, аператыўнасць, ініцыятыву і настойлівасць у ачышчэнні Карэльскага перашыйкуВіктар Аляксеевіч атрымаў Ордэн “Чырвонай Зоркі”.

Сям’я магчымага кандыдата ў прэзідэнты, лідара АГП Анатоля Лябедзькі з-за вайны згубіла адразу трох чалавек — двух дзядзек і дзядулю. Адзін з дзядзек, Іосіф, быў мабілізаваны ў 18-гадовым узросце, але да фронту не даехаў, бо ў дарозе падхапіў нейкую хваробу і памёр. Дзядзька Іван падчас вайны падарваўся на міне. А дзядуля Анатоля Лябедзькі Іван загінуў недзе на сённяшняй тэрыторыі Латвіі, дзе і пахаваны ў брацкай магіле.

Абодва дзядулі чэмпіёнкі па кіданні молата на Алімпіядзе ў Пекіне Аксаны Мяньковай ваявалі, але спартоўка нічога не чула пра іх баявыя подзвігі. Яна была яшчэ зусім маленькай, калі іх не стала. Як даведалася Еўрарадыё, Іван Мянькоў быў уганараваны Ордэнам “Айчыннай вайны” другой ступені. Атрымаў узнагароду дзядуля алімпійскай чэмпіёнкі за “захоплены нямецкі кулямёт, паляванне на фрыцаў са снайперскай вінтоўкай і выбіванне немцаў з вёскі Жарабцова”.

Абодва дзядулі лідара гурта J:Mopc Уладзіміра Пугача падчас Другой сусветнай вайны былі партызанамі. Пра Міхаіла Аляксандравіча Пугача ёсць згадкі ў надрукаваных успамінах пра партызанскі рух у заходнім Палессі. А вось Уладзімір Антонавіч Ралько увогуле з’яўляўся ганаровым жыхаром Пінскага раёна. Ён быў двойчы ўганараваны званнем Героя Сацыялістычнай Працы, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Але гэта было пасля вайны, якую ў 1941 годзе Уладзімір Антонавіч сустрэў курсантам Краснадарскай авіяцыйнай вучэльні.

“Спачатку дзядуля быў лётчыкам, але яго збілі недзе над Крымам, — кажа лідар гурта J:Mopc. — Потым ён трапіў у палон ва Украіне пад Роўна, але адтуль уцёк. Пешшу дабраўся да нас, пад Пінск, дзе трапіў у партызанскі атрад Васіля Захаравіча Каржа. Спачатку быў кулямётчыкам, а пасля і камандзірам аддзялення”.

Дзядуля Уладзіміра Пугача Уладзімір Антонавіч Ралько

Уладзімір Антонавіч Ралько узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені і шматлікімі іншымі ўзнагародамі. Але ў інтэрнэце, на жаль, ніякіх звестак ні пра аднаго з дзядоў музыкі пакуль няма.

Напрыканцы знаёмім вас і з баявымі дасягненнямі дзядоў журналістаў “Еўрарадыё”.

Паводле успамінаў, прадзед па бацьку журналіста Еўрарадыё Віталя Ругайна мабілізаваўся ў 1941 годзе і дайшоў да Берліна. Рыгор Пятровіч з воінскім эшалонам прыехаў на Магілёўскі чыгуначны вакзал, дзе на пероне яго сустракалі жонка і дзеці. Ён выйшаў з таварнага вагона, сустрэўся з сям’ёй, яму стала дрэнна і прама на пероне ён памёр ад разрыву сэрца.

У баях за Берлін Рыгор Пятровічпаказаў сябе мужным і адказным воінам, на сваёй баявой машыне вывозіў пушку на адкрытыя пазіцыі для стральбы прамой наводкай” і “пад артылерыйскім абстрэлам адрамантаваў пашкоджаную машыну, чым забяспечыў своечасовую дастаўку боепрыпасаў разліку”. За гэта прадзед Віталя быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

А медаль “За АдвагуРыгор Ругайн атрымаў за бой пад горадам Асавец. Бо “смелы шафёр, не губляючы самавалодання, пад моцным артылерыйскім агнём вывеў пашкоджаную машыну з пушкай і дапамог разліку замацавацца на новай агнявой пазіцыі”.

Родны брат Рыгора Пятровіча Роберт скончыў вайну падпалкоўнікам інжынерных войск, быў сапёрам. Удзельнічаў у вайне з Японіяй на Дальнім Усходзе за баявыя заслугі ў якой і атрымаў Ордэн “Чырвонай Зоркі” ды Ордэн “Чырвонага Сцяга”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі