"Начныя ваўкі" наведалі мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць". Фота
У Брэсце іх ганарова сустракала дэлегацыя на чале з намеснікам кіраўніка аблвыканкама Леанідам Цупрыкам.
27 красавіка да "Брэсцкай крэпасці" прыбыў мотапрабег расійскіх байкераў з клуба "Начныя ваўкі", прымеркаваны да Дня Перамогі (яны плануюць праехаць па краінах Усходняй Еўропы — у Берлін). Нагадаем, што іх акцыя была адмоўна сустрэтая ў шэрагу краін Еўропы, Польшча заявіла, што расійскім байкерам адмоўлена ва ўездзе, Нямеччына — пра ануляванне візаў. У Беларусі шэраг апазіцыйных партый патрабаваў ад уладаў не прапускаць расіян праз беларускую тэрыторыю.
"Начных ваўкоў" у Беларусі сустракалі на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта
Перад ад'ездам на беларуска-польскую мяжу Еўрарадыё пагутарыла з адным з удзельнікаў мотапрабегу Дзянісам. Нягледзячы на тое, што клуб адкрыта падтрымлівае кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, мужчына называе "Начных ваўкоў" апалітычнай арганізацыяй.
"Негатыўная рэакцыя, магчыма, звязаная з тым, што ў розных СМІ перакручваюць інфармацыю. Увесь час у СМІ ідзе нейкая інфармацыйная вайна... Але мы па-за палітыкай, мы проста хочам паехаць на магілы нашых салдат — дзядоў і прадзедаў", — кажа байкер Дзяніс.
Дакладнай інфармацыі, ці сапраўды ўдзельнікам прабегу анулявалі візы, у мужчыны няма. Аднак вядома гэта стане ўжо хутка — зараз "Начыныя ваўкі" акурат перасякаюць мяжу у пункце пропуску "Варшаўскі мост".