“Наркаманы бралі па 50 літраў у дзень гэтага растваральніку”

З пачатку года па наркадылерах, якія прадаюць забруджанае насенне маку (так званыя “бубкі”), ударылі штрафамі і канфіскацыямі аўтатранспарту. Аднак, нягледзячы на гэта, праблема застаецца надзвычай актуальнай.

Але што было яшчэ год таму! Макавую шырку, у параўнанні з якой нават гераін выглядае вітамінкай, спажывала пад 150 тысяч беларусаў. Пераважная большасць з іх атрымала ў дадатак да нарказалежнасці ВІЧ і гепатыт. Дагэтуль не абмяркоўвалася пытанне, хто, апроч макавых баронаў, меў дзякуючы “бубкам” добры прыбытак.

 

Расследаванне: за 39 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык

Да прыкладу, каб выцягваць опій з забруджанага насення, спажыўцы куплялі канкрэтны растваральнік.

Каб даведацца, які менавіта, аналізуем журналісцкія расследаванні, якія праводзіла Еўрарадыё. Вывучаем публічныя міліцэйскія відэазапісы аб затрыманні наркатаксістаў. Яшчэ раз праслухоўваем гутаркі з наркаспажыўцамі.

Аказваецца, што ва ўсіх гэтых выпадках опійную шырку гатавалі пры дапамозе канкрэтнага прэкурсора ― аднаго з растваральнікаў вытворчасці кампаніі “Нафтан”. Гэтаму культаваму прадукту наркаспажыўцы далі слэнгавае найменне ― “вада”. Літровай бутэлькі хапала прыкладна на тры дозы.

Спрабуем даведацца, ці скараціліся аб’ёмы продажу “правільнага” растваральніку пасля ўвядзення антымакавага Дэкрэта №1.

“Год таму прадавалі па 20 літровых бутэлек на дзень. Здаралася, яго бралі скрынямі. Сёння прадаём адну-дзве бутэлькі, ― распавядаюць Еўрарадыё у адной з крамаў “Лакі, фарбы” ў Фрунзенскім раёне Мінска. ― Яшчэ год таму тую ж газу куплялі ў 10 разоў радзей, чым гэты растваральнік”.

“Раней за дзень да нас прыходзіла, можа, 50 наркаманаў, куплялі да 50 літраў гэтага нітрарастваральніку. А цяпер такое ўражанне, што з’яўляецца адзін наркаман на тыдзень, ― апісваюць сітуацыю ў краме “Алекор” на вуліцы Прытыцкага. ― Можа быць, яны сышлі ў іншую краму. Аднак гэты растваральнік па-ранейшаму прадаецца добра. Для будаўнічых мэтаў яго таксама ахвотна купляюць. Для абястлушчвання, мыцця рук, растварэння фарбы”.

У краме гаспадарчых тавараў “Пальміра” ва Уруччы нафтанаўскі растваральнік замянілі іншым беларускім аналагам, які не падыходзіць для прыгатавання шыркі. Як патлумачылі Еўрарадыё, “каб у краме не было крадзяжоў”.

Як бачна, пры згадванні растваральніка, які нас цікавіць, у прадаўцоў і дырэктараў з гаспадарчых крамаў з’яўляецца трывалая асацыяцыя з наркаспажыўцамі.

***

Давайце трошкі пафантазуем. Уявіце, калі б “Нафтан” зняў узгаданы растваральнік з вытворчасці, хай сабе гэта і выгадны прадукт. Як бы тады наркаспажыўцы гатавалі макавую шырку? Натуральна, ёсць і расійскі аналаг, які падыходзіць для прыгатавання наркотыку. Але і з тым прадуктам пры патрэбе магчыма было разабрацца, раз ужо праблема раскруцілася да такой пагражальнай ступені і колькасць спажыўцоў вырасла пад 150 тысяч чалавек.

“Калі прытрымлівацца вашай логікі, то неабходна абмежаваць гандаль аўтамабільнымі бензінамі, кухоннымі нажамі, сякерамі і інш., бо вышэйназваныя прадметы таксама могуць выкарыстоўвацца ў крымінальных мэтах, ― лічыць намеснік генеральнага дырэктара “Нафтана” Сяргей Яўтушык. ― У побыце гэты растваральнік выкарыстоўваецца для давядзення розных лакафарбавых матэрыялаў да неабходнай глейкасці, ачысткі малярнага абсталявання і інструмента, а таксама для вывядзення плям на розных матэрыялах. На наш погляд, для павышэння эфектыўнасці барацьбы з наркаманіяй варта зрабіць больш жорсткім заканадаўства ў частцы ўзмацнення адказнасці за выраб і распаўсюджванне наркотыкаў, а таксама больш інтэнсіўна весці тлумачальную працу пра шкоду наркотыкаў у сродках масавай інфармацыі”.

***

У “правільным” растваральніку, пра які вядзецца гаворка, талуол і ацэтон утрымліваюцца ў такіх суадносінах, што гэта дазваляе наркаспажыўцам эфектыўна выцягваць алкалоіды опію з забруджанага насення маку. Ніхто не сцвярджае, што беларускае прадпрыемства наўмысна распрацавала прадукт пад такія мэты. Дзяржаўным стандартам прадукт таксама адпавядае. Але вынікае лагічнае пытанне: чаму, калі ўзнікла небяспека (а распаўсюджваць “бубкі” пачалі з 2004 года), склад прадукту не змянілі такім чынам, каб ён перастаў быць прэкурсорам?

І ці магчыма гэта зрабіць, каб растваральнік не страціў свае ўласцівасці па прамым прызначэнні? Звяртаемся з такім пытаннем да Сяргея Міхалёнка, кіраўніка кафедры арганічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спецыяліст пацвярджае, што змяніць склад маркі растваральніка магчыма.

“Але ж можна і ваду забараніць, ёй жа таксама экстрагуюць, ― выказвае сваю пазіцыю спецыяліст. ― Так можна дайсці да абсурду. Праблема, на маю думку, ляжыць у юрыдычнай плоскасці, і займацца ёй павінны кампетэнтныя ўстановы. Такое пытанне павінна абмяркоўвацца на больш высокім узроўні, але не паміж універсітэтам і СМІ”.

Дарэчы, нават у Беларусі іншыя прадпрыемствы вырабляюць растваральнік той жа самай маркі. Але ў якасці прэкурсору ён не падыходзіць.

***

 

Відавочна, што не кожны ў Беларусі пажадаў далучыцца да барацьбы з “бубкамі”. Многія, наадварот, напорліва не жадалі разумець праблему, а за стварэнне антымакавага Дэкрэта №1 вялася сапраўдная вайна.

Тым часам з-за шырокай даступнасці і абыякавасці (а, можа, і прамой зацікаўленасці) мы атрымалі дзясяткі тысяч новых ін’екцыйных наркаспажыўцоў. І яшчэ невядома, чым гэта сітуацыя абернецца для генафонду беларусаў.

P.S. Тэхналогія прыгатавання наркатычнага раствора не абмяжоўваецца дадаваннем растваральніка у насенне маку. Працэс складаецца з больш чым дзесяці этапаў. Нягледзячы на гэта, хаваем канкрэтную назву растваральніка. Хоць кампетэнтныя чыноўнікі выдатна разумеюць, пра які прадукт вядзецца гаворка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі