NASA: Мінулы люты стаў самым цёплым месяцам ў гісторыі назіранняў

NASA: Мінулы люты стаў самым цёплым месяцам ў гісторыі назіранняў

Мінулы люты стаў самым цёплым месяцам на Зямлі за ўсю гісторыю назіранняў, паведамляюць эксперты NASA на падставе дадзеных, атрыманых з касмічных спадарожнікаў.

Навукоўцы бачаць прычыны гэтай з’явы ў спалучэнні рэкордна магутнага праяўлення гэтак званага “эфекту Эль-Нінья” з працэсамі антрапагеннага глабальнага пацяплення.

Глабальная сярэдняя тэмпература па паверхні Зямлі была ў гэтым лютым на 1,35 градуса па Цэльсію вышэй, чым сярэдняе значэнне для гэтага месяца за кантрольны перыяд з 1951 па 1980 год.

Гэта азначае, што тэмпературнае адхіленне ад нормы лютага 2016 года стала найбольш значным за ўвесь час навуковых метэаназіранняў, то бок, з 1880 года.

Цяперашні люты пабіў рэкорд анамальнасці, усталяваны месяц таму ў студзені.

Спецыялісты NASA звяртаюць увагу, што папярэдні анамальна цёплы люты быў у 1998 годзе — таксама ў год інтэнсіўнага Эль-Нінья. Аднак тады павышэнне сярэдняй тэмпературы над нормай склала ўсяго 0,846 градуса, перадае ВВС.

Эфектам “Эль-Нінья” кліматолагі называюць ваганні тэмпературы паверхневага слою вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяну. Гэта фаза Паўднёвай асцыляцыі, у якой вобласць нагрэтых прыпаверхневых вод змяшчаецца на ўсход. Пры гэтым слабеюць або ўвогуле спыняюцца пасаты, запавольваецца апвелінг ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну, ля берагоў Перу.

Фаза такой асцыляцыі доўжыцца ад 3 да 8 гадоў, аднак яе інтэнсіўнасць можа вар’іравацца ў розныя перыяды. Эфект “Эль-Нінья” ўплывае на ўвесь глабальны клімат і прыводзіць да істотнага пацяплення. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі