Настаўніца: Па-беларуску дзеці гавораць, калі дома гавораць бацькі
У старшакласнікаў адзін урок беларускай мовы на тыдзень і тры ўрокі замежнай. Аляксандр Лукашэнка прапануе дадаць гадзіну беларускай. Замест замежнай.
"Добра, на рускай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, скажам шчыра, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа быць, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не англійскай?" — прапануе Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
Па-беларуску дзеці гавораць, калі ў іх размаўляюць бацькі, прызнае настаўніца з Мінска Галіна Мікалаеўна.
“На перапынках у школе беларускай мовы амаль не пачуеш. Хіба ў дзяцей, якія свядома яе абіраюць для мовы зносін. Такія ёсць, бо бацькі ў гэтым зацікаўленыя”, — ацэньвае веды вучняў Галіна Мікалаеўна. Яна прапануе перагледзець спіс твораў па літаратуры, каб дадаць туды сучасных аўтараў.
Настаўніца з Мінска Воля выкладае ў школе нямецкую, але яна нечакана не супраць, каб беларускай мовы ў школе стала на гадзіну больш.
“Вучні не могуць размаўляць ні па-беларуску, ні па-нямецку. Тры гадзіны на тыдзень на нямецкую хапае. А вось на беларускую адной гадзіны — не. Па замежнай мове ў дзяцей вышэйшыя адзнакі. Але наогул параўноўваць складана”, — гаворыць настаўніца.
Не разумеюць беларускай мовы і ў Салігорскай гімназіі, тут тая ж адна гадзіна на тыдзень у старшакласнікаў, як у звычайнай школе.
“Быццам кітайская мова. Не разумеюць словаў. І гэты простыя словы, звычайныя. Той жа слоік”, — даводзіць настаўніца Насця.
Па-ангельску вучні гавораць, калі маюць пяць гадзінаў мовы на тыдзень, падлічвае Ганна, яна вядзе ўрокі ў спецыялізаванай школе.
“У нас па пяць гадзін ангельскай мовы. Улічваючы, як яны ведаюць беларускую, можна дадаваць гэтую гадзіну. У нас яны больш-менш гаварылі па-ангельску, бо вывучаюць з першага класа кожны дзень”.
Журналіст Еўрарадыё застаўся на ўроку дзявятага класа ў сталічнай школе, каб на свае вушы пачуць, як школьнікі гавораць па-беларуску. Калі пытаю ў вучаніцы Варвары асадку, адразу не разумее, даводзіцца перакладаць. На іншыя пытанні адказвае нескладанымі сказамі. Але памылак не робіць. А замежная мова ў гэтага класа наогул кітайская. Тыя ж тры гадзіны на тыдзень.
Беларускую мову ведаюць дрэнна, пагаджаецца са мной настаўніца Алена Іванаўна. Але прыводзіць у прыклад бацькоў, якія раз на тыдзень размаўляюць з дзецьмі па-беларуску. Такія вучні ведаюць лепш, прызнаецца настаўніца:
“Бацькі са сваімі дзецьмі не размаўляюць на мове, таму беларуская для іх як замежная. Бывае, пытаешся, ці зразумелі яны сэнс. Просяць паўтарыць. Калі гадзіну дададуць, то гэта, можа, дапаможа. Замежнай мовы цяпер тры гадзіны на тыдзень, беларускай — толькі адна. І замежную мову яны па групах вучаць, а тут усім класам”.
Падчас урока, калі Алена Іванаўна задае пытанні, дзеці адказваюць простымі фразамі па 4-5 словаў. Памылкі робяць рэдка: устаўляюць русізмы.
Але няведанне мовы залежыць не толькі ад настаўнікаў.
“Я чытаў Якуба Коласа — вершы. Памылкі ў дыктанце, бывае, раблю, але мала. Арфаграфічныя ў асноўным”, — адказвае мне шасцікласнік Саша з мінскай школы. Бачна, як складана яму падбіраць словы.
Яго аднакласнік Міша таксама адказвае на мове, таксама простымі, кароткімі сказамі. Пры гэтым абодва хлопцы ўголас гавораць: “Бацькі дома, бывае, размаўляюць па-беларуску”.
У Мінску на сёння ў 11 установах адукацыі ёсць класы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. Усё па-беларуску — у 5 гімназіях і ў адной школе. Паводле перапісу насельніцтва, у Мінску 80% беларусаў. Беларуская мова родная для 645 тысяч мінчан, але дома на ёй гаворыць толькі 106 тысяч.
Фота: julia.white.blog.tut.by