Назіральніца зафіксавала, як за ноч бюлетэні ў празрыстай скрыні перамясціліся
Назіральніца з Віцебска Алена Шабуня распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё, як зафіксавала парушэнні на выбарчым участку.
Па словах жанчыны, яна ўвечары 10 кастрычніка сфатаграфавала празрыстыя скрыні, у якіх ляжалі бюлетэні датэрміновага галасавання. Таксама сфатаграфавала апячатаныя дзверы ў памяшканне.
11 кастрычніка Шабуня прыйшла ў 7.30 — ёй абяцалі, што ў гэты час выбарчая камісія адчыніць участак. Аднак у гэты час дзверы былі ўжо адчыненыя. А відовішча празрыстай скрынкі з бюлетэнямі назіральніцу вельмі здзівіла.
Шабуня: "Учора, калі адыходзіла, калі ўсё было закончана, я сфатаграфавала празрыстую скрыню, як там ляжалі бюлетэні. Сёння я прыйшла і таксама сфатаграфавала з тых самых бакоў гэтыя скрыні. І калі я паглядзела на фотаздымкі, у мяне ўсё закалацілася ўнутры".
Цяпер назіральніца рыхтуе скаргі ў абласны выбаркам і пракуратуру.