"Не можам мяняць правілы гульні": чаму Беларусь не атрымае "зніжку" на нафту

Дзмітрый Козак пасля перамоваў у Сочы
Дзмітрый Козак пасля перамоваў у Сочы

Расія не пагадзілася пастаўляць у Беларусь нафту на ўмовах, прапанаваных беларускім бокам. Такі адзін з вынікаў, якія прынеслі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы 7 лютага 2020 года.

Кіраўнікі дзяржаў не сталі рабіць заяў па выніках перамоваў. Да журналістаў выйшаў Дзмітрый Козак, намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі.

"Паколькі ўстала запытная пазіцыі на прадастаўленне скідак [для Беларусі на пастаўку нафтапрадуктаў. — Еўрарадыё]... Гэта азначала толькі адно. Нам неабходна было б уводзіць дзяржаўнае рэгуляванне нафтавага рынку. Што мы зрабіць не зможам. Мы не можам увесь час мяняць правілы гульні. Мы паставім у незразумелае становішча нашы нафтавыя кампаніі, — сказаў ён. — Таму мы будзем спрыяць дасягненню камерцыйных дамоўленасцяў паміж спажыўцамі Беларусі і расійскімі нафтавымі кампаніямі".

"Мы не можам сёння рэзка памяняць рэгуляванне ў нашай нафтавай галіне. Кошты на нафту, на сырую нафту фармуюцца рынкам, а не адміністрацыйнымі рашэннямі. Таму гэта ўсё застанецца, але мы будзем аказваць усялякае садзейнічанне дасягненню гэтых пагадненняў", — дадаў чыноўнік.

Па даных канцэрна "Белнафтахім", у 2019 годзе Беларусь атрымлівала нафту з Расіі ў сярэднім на 17% танней за сусветны кошт. Аднак з 1 студзеня 2020 года расійскія нафтавыя кампаніі спынілі пастаўкі сыравіны ў Беларусь з-за рознагалоссяў па цане. Мінск лічыць несправядлівай "прэмію" у $10 за кожную тону, якую пастаўшчыкі нафты дадаюць да цаны.

На нядаўняй нарадзе па паліўна-энергетычным комплексе Лукашэнка заявіў, што прэмія выплачваецца ў выпадку якаснай працы або перавыканання паказчыкаў. Між тым, у 2019 годзе на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы трапіла "брудная" нафта (страты ацэньваюцца ў $70 млн), а задэклараваныя аб'ёмы паставак не выконваюцца. У такім выпадку, на думку кіраўніка Беларусі, прэмію плаціць няма за што.

Між тым, крыніца РБК ў адной з расійскіх нафтавых кампаній адзначае, што пастаўка сыравіны ў Беларусь стала палітычным пытаннем і яшчэ як рэгулюецца з Крамля. "Мы не можам зараз пастаўляць туды нафту, пакуль яны не падпішуць дарожныя карты па інтэграцыі. Гэта не пытанне чыстай камерцыі, хоць мы таксама павінны зарабляць на такіх пастаўках. Падпішуць дорожнае карты — будзем пастаўляць нафту",канкрэтызуе яна.

Адзін з нешматлікіх пазітыўных вынікаў сочынскіх перамоў для Беларусі — тое, што Расія паабяцала пускаць у "трубу" ўсіх, з кім Мінск дамовіцца на пастаўкі нафты.

"Аб'ёмы паставак, цана паставак — мы не рэгулюем. У нас рэгулюецца толькі адзін паказчык: доступ да нафтаправоднага транспарта. Такі доступ на знешнія рынкі прадастаўляецца прапарцыйна аб'ёму здабычы. Мы дамовіліся, што ў выпадку дасягнення камерцыйных дамоўленасцяў мы не будзем прытрымлівацца гэтага правіла, будзем дапускаць нафтавыя кампаніі, якія дамовіліся з беларускімі спажыўцамі, да трубаправоднага транспарту незалежна ад аб'ёму здабычы", — сказаў Дзмітрый Козак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі