Па факце здарэння на "Паліміры" распачалі крымінальную справу
Па факце здарэння на заводзе "Палімір" ААТ "Нафтан" распачалі крымінальную справу. Артыкул — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры (ч. 2 арт. 304 КК), інфармуе БЕЛТА.
Следчыя высветлілі, што каля 13-й гадзіны 18 чэрвеня ў цэху № 104 завода "Палімір" адбылася разгерметызацыя трубаправода падачы этан-этыленавай фракцыі. Наступствам гэтага стала ўзгаранне гаручых газаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры. Канструктыўныя элементы вонкавай тэхналагічнай устаноўкі цэха па вытворчасці этылену атрымалі значныя пашкоджанні, у тым ліку тэрмічныя, адзначае афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.
Следчая група разам са спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правяла агляд месца здарэння, былі забраныя для вывучэння дакументы, дапытаныя работнікі, прызначаныя экспертызы.
Як паведамляла Еўрарадыё, узгаранне на "Паліміры" цалкам было ліквідаванае толькі раніцай 20 чэрвеня. Ратавальнікі заявілі, што пажар не паўплываў на экалагічную абстаноўку ў Наваполацку.