Пакупнікі знайшлі ў краме пратэрмінаваны тавар, а на іх выклікалі міліцыю

Пакупнікі знайшлі ў краме пратэрмінаваны тавар, а на іх выклікалі міліцыю

Канфлікт паміж пакупнікамі і супрацоўнікамі харчовай крамы ў Баранавічах адбыўся яшчэ ў канцы мінулага года. 20 снежня мясцовыя актывісты Рыгор Грык і Аляксандр Вайцешык выявілі там пратэрмінаваны тавар. Распавядае Еўрарадыё пра канфлікт адзін з яго удзельнікаў, Рыгор Грык, які дагэтуль працаваў у краме, але пасля быў звольнены.

Грык: “Мы прыйшлі ў краму, дзе знайшлі пратэрмінаваную прадукцыю. Падчас гэтага на нас кідалася дырэктар, спрабуючы забраць тавар. Мы яго хацелі набыць, але на касах нам яго не адпускалі. Таму мы выклікалі міліцыю, якая гэты тавар перапісала і канфіскавала для доказу таго, што, магчыма, няма нават дакументаў на права продажу”.

Праз два дні, 22 снежня, актывісты зноў выявілі ў гэтай краме пратэрмінаваны тавар. І зноў яны паспрабавалі правесці “кантрольную закупку”, каб пацвердзіць факт рэалізацыі няякаснага тавару.
І зноў канфлікт прывёў да выкліку міліцыі, аднак гэтым разам адміністрацыя крамы напісала на актывістаў заяву. Праваахоўнікі распачалі адміністрацыйную справу за дробнае хуліганства. Паводле пратаколаў, Грык і Вайцешык “з хуліганскіх перакананняў, выказваючы яўную непавагу да грамадства, перагарадзілі праход паміж касамі вазком, чым учынілі наўмысныя дзеянні, якія парушаюць спакой грамадзян”.

Так пачалося судовае разбіральніцтва.

Грык: “Усяго было пяць пасяджэнняў, на чатырох з якіх я прысутнічаў. Адвакат казала, што мы невінаватыя, бо нічога не парушылі. Відэаздымкі, якія паказваліся ў судзе, пацвярджаюць, што мы не нападалі на людзей, нікога не абражалі, а толькі хацелі купіць прадукты”.

У выніку 1 лютага актывісты ўсё ж такі былі апраўданыя. Суд не ўгледзеў у іх дзеяннях складу правапарушэння.

Па словах Рыгора Грыка, пазітыўным вынікам таксама можна лічыць і тое, што ў краме адбыліся праверкі Мінгандлю і санэпідэмстанцыі. Пасля выяўленых парушэнняў адміністрацыю аштрафавалі.

Дарэчы, гэтага не першы выпадак супрацьстаяння Рыгора Грыка з крамай, у якой ён працаваў. У канцы верасня ён зладзіў там перформанс, прыйшоўшы на працу ў турэмнай робе. Такім чынам ён пратэставаў супраць таго, што яму не выдаюць працоўную вопратку. У той жа дзень Рыгора Грыка звольнілі, а дырэктар крамы напісала заяву ў міліцыю, што ён брыдкасловіў. За гэта ды яшчэ і за пікет, Грыку прысудзілі 5 мільёнаў 400 тысяч штрафу.

Грык: “Як былы працаўнік гэтай крамы, я бараніў людзей, бо ўсе баяліся выказаць дырэктару нешта, што ім не падабаецца, і тое, што ёсць парушэнні. Не ведаю, чаму кіраўніцтва дагэтуль трымае гэтага дырэктара, які не мае адпаведнай адукацыі і паводзіць сабе з людзьмі, як з рабамі ў канцлагеры”.

Гісторыя з турэмнай робай, дарэчы, хутка атрымае працяг. 18 лютага адбудзецца пасяджэнне ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Рыгор Грык будзе патрабаваць ад сеткі крамаў кампенсацыю за тое, што працоўную вопратку яму давялося набываць за ўласныя грошы.

Фота: racyja.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі