Палескія старажылы: Чаму жыву так доўга? Не піў, хоць і быў беспартыйны
Хто яны, найстарэйшыя беларусы? Якім было іх дзяцінства, юнацтва, чым яны займаліся, як жаніліся, дзе былі падчас вайны, як прынялі калектывізацыю і што рабілі для таго, каб доўга жыць? На пошукі старажылаў, якім ад 90 да 110-ці гадоў, мы выправіліся на маляўнічае Палессе. І такіх знайшлі. Усе яны розныя: нехта слабейшы, нехта мацнейшы, некага падводзіць памяць, а нехта можа гадзінамі распавядаць гісторыю свайго часцей за ўсё нялёгкага жыцця. Чытайце 9 гісторый з жыцця найстарэйшых палешукоў.
Аляксей Давідовіч ― найстарэйшы, але надзвычай жвавы і гаваркі, жыхар Іванаўскага раёна. У сакавіку яму споўнілася 100 гадоў. Зімаваць ездзіць да сына ў Брэст, але на свой Дзень нараджэння заўсёды вяртаецца ў Стрэльна ― родную вёску, дзе яго чакае любімы дом і шыкоўны яблыневы сад.
Сям’я Аляксея Рыгоравіча мела ўласную зямлю, бацька трымаў авечак, пяць кароў, два кані. У 1944 годзе Аляксей патрапіў на фронт, вызваляў Варшаву і Берлін, за што мае баявыя ўзнагароды. У 1946-м вярнуўся з вайны, праз год ажаніўся, яшчэ праз год пабудаваў хату. Быў шафёрам, качагарам у мясцовай школе, але справай жыцця называе сад, пра які можа распавядаць гадзінамі.
“Аднойчы назбіраў дзевяць тон яблык, такі ўраджай быў! Перад Колядзьмі завезлі неяк з суседкай у Пінск, па два рублі за кілаграм прадавалі. А фарш быў рубель восемдзесят капеек. За прададзены кілаграм яблык буханку хлеба можна было набыць. Вазіў іх на продаж у Пінск, Брэст, нават на Урал цягніком. У 77-м годзе тут ніхто машыны не меў, ні старшыня сельсавета, ні дырэктар школы, а я меў! Яблыкі мяне кармілі!.. Дачка мая памерла ў 25 гадоў. Сын працуе доктарам у Брэсце, цяжка хварэе. А я жыву. Калі памерла дачка, у мяне быў першы інфаркт. Жонка памерла 22 гады таму ― другі інфаркт. Трэці, калі касіў агарод перад Троіцай. Але жыву. Ніколі не піў і не паліў, і цяпер не п’ю. Быў на фронце, там жа тытунь давалі і гарэлку, асабліва калі ў цяжкія баі ішлі. А я ніколі не піў. Пра што марыў? Пра што марыў, то і рабіў. Любіў сад, бо прыбытак добры ад яго. Я пражыў жыццё някепска, каб не памерла дачка, каб сын не захварэў… Маладым жадаю… Каб вайны не было, і каб менш пілі гарэлку”.
Юстына Бурак жыве ў Застружжы, што ў Іванаўскім раёне. Разам з ёй брат і пляменніца. Кажа, што ёй каля 100 гадоў. Спакойная і ўсмешлівая бабуля не дачувае, але распавесці пра сябе не супраць.
"Усяк працавала: і ў полі, і каровы даіла. У школу некалі хадзіла, у польскую, 7 класаў адхадзіла. Але па-польску нічога не памятаю ― позабувала. Потым нідзе не вучылася. Бацька памёр, маці таксама слабая была. Цяжка было пры Польшчы. Працаваць трэба было, а есці ― як сабе хочаш, мала хлеба было. Пакуль маладая была ― вышывала, прала, ткала, сваё рабіла. Вайну памятаю. Дома тут была. Прыйдуць, паходзяць нейкія ― хто яго ведае, хто яны. Усялякія былі... Замуж не выходзіла, бо захварэла, у бальніцы праляжала, гэтак і прабыла. Сірата я змалку. А шукалі тых, у каго ёсць бацькі. Ды хто багацейшы. Мы ж былі бедныя”.
У Моталі ў перабудаваным на новы лад доме разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі жыве Юстына Дзямковіч. Жартаўніца, калі пытаеш, колькі ёй гадоў, адказвае: “До халеры і трошкы”. 95-гадовая Юстына жвавая, толькі ходзіць ледзь-ледзь і кепска бачыць ― гэта яе і засмучае.
“Каб добра жылося ― усё трэба рабіць, галоўнае, каб не абы што. Што ўмеем, тое і робім, а калі не ўмеем ― спяваем. Найлепш спяваць, каб не плакаць. Пра любоў ужо няма калі спяваць, трэба спяваць пра смерць, але не хачу пра смерць! Хаця час паміраць, што тут жыць?! Выйду, сяджу, бы роззява, а яны працуюць. Глядзі на іх. О, каб я працавала, было б добра. Я некалі ўсё запар рабіла. Здаецца, і дзе ж яно падзелася? Але пра колішняе жыццё ўспамінаць не хачу. Дзіцятка, няхай Біг крые такога жыцця, як некалі было. Трэба ж накрасці гуркоў у калгасе ― пяцёра дзяцей, карміці ж трэба, а самой няма калі было садзіць, шмат працавала ў калгасе. Натаўчэш таўканіцы чыгун ці гаршчок, а цяпер дай таўканіцы, то і на цябе выкінуць. Цяпер што, усё ёсць?! Што рабіць, каб доўга пражыць? Жывіце харашэнька, ешце, гуляйце да і ўсё”.
Дамініка Пухавец ― Домініся, як яна сама прадстаўляецца, нарадзілася і ўсё жыццё правяла ў Бездзежы, што ў Драгічынскім раёне. Цяпер ёй 95 гадоў. Працавала на розных працах у калгасе, моцна хварэла на астму ― сын завозіў у лякарню ледзь жывую. А цяпер астмы няма. Затое баляць ногі: зусім згорбленая спадарыня Домініся ледзьве перасоўваецца па двары з дапамогай кія і выглядае сумнай.
“Жыла ўсяк. Пуйдзеш, паробіш паміж людзьмі, добра было. Яшчэ варункі пляла. А ў школу ніяк не хадзіла, не граматная я. Як замуж выходзіла? Хто яго ведае. Ужо забылася. Чалавек мой паехаў на Украіну і там застаўся з нейкай. А я адна жыла, у мяне толькі гэты хлопец. Цяпер вунь ляжу ці на вуліцы сяджу. Тэлевізар не гляджу. Раней дык вельмі любіла, а допіро (цяпер) не люблю. Бо я яго і не бачу, вочы не бачаць”.
107-гадовы Аляксандр Шчаглірыковіч ― адзін з найстарэйшых жыхароў Брэсцкай вобласці. У спадара Аляксандра пяць дзяцей, 12 унукаў, 24 праўнукі і 12 прапраўнукаў. А жыве ён разам з сям’ёй сына на радзіме ― у вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна. Падчас вайны Іван, жаўнер Арміі Краёвай, патрапіў у нямецкі палон. Вярнуўся дадому і працаваў у рыбалоўнай брыгадзе, глядзеў гаспадарку, гадаваў дзяцей, наймаўся касіць людзям ― за паўтара дні выкошваў два гектары! Сваякі кажуць, што ў 100 гадоў дзядуля цалкам сябе абслугоўваў, калоў дровы, сядаў на ровар, ехаў 9 кіламетраў да Прыпяці, аглядаў улоў рыбакоў, ішоў па дамбе аж да ракі Смердзь і вяртаўся назад дадому. “Удаўся крэпкі чалавек такі, нават зараз, як возьме за руку, дык адчуваецца сіла”, ― кажа нявестка Шчаглірыковіча. А сын дадае, што ў сваякоў спадара Аляксандра ніхто не паміраў раней 80-ці гадоў.
Марыя Кульбеда ― былая паштальёнка. Жыве адна, праз гора і беднасць замужам ніколі не была. Яна наймалодшая з нашых палескіх суразмоўцаў-старажылаў. Жыхарка знакамітага Моталя, ёй 92 гады. Калі распавядае сваю гісторыю, плача. У 1942-годзе Марыю, яе малодшую сястру, маці і бацьку разам з іншымі аднавяскоўцамі пагналі на працу ў Германію. Пасля вызвалення сям’я вымушана была заставацца на чужыне ― прыводзіць ў парадак вайсковую частку, дзе стаялі савецкія салдаты.
“Усё лета прыбіралі пшаніцу, бульбу, варылі ежу на катле. А потым аб’явілі каранцін па тыфу. Нікуды нас не выпускалі. І мы да самога снежня 45-га вымушаны былі там заставацца. Вярнуліся ў Моталь. Зіма, хаты няма. Бацька, хворы, паставіў сцены з адным акенцам і памёр. Цяжка было. Маці пешшу хадзіла 40 кіламетраў да Пінска па хлеб… Ніхто не верыў, што нас пагналі ў Германію. Пыталіся, навошта мы туды добраахвотна паехалі? Толькі пасля прызналі вязнямі. А да 16-гадоў было надта добра. Я хадзіла ў школу, прала. Мы ж адзіналічна жылі. Не было калгасаў. Сваё поле. Запрагае бацька кабылу, едзем палоці, капаці, жаці. Някепска было да вайны. Разжываліся. А прыйшла савецкая ўлада, ой, трудна стала. Падаткі былі на мяса, на яйкі, на жыта. Усё трэба было аддаваць дзяржаве. Людзі былі незадаволеныя страшна. У турмы саджалі, хто лепш крыху жыў, вывозілі сем’ямі ў Архангельск. А цяпер ужо як жа ж добра жыць! Як хацела жыць? Наперад не ведаеш, як яно будзе, як прыйдзецца. Але працаваць трэба было менш”.
Ніне Дацкевіч 99 гадоў, жыве ў Ліпніках, таксама ў Драгічынскім раёне, пад доглядам малодшай дачкі Марыі (усяго ў бабулі пяць дзяцей). На вуліцу Ніна Канстанцінаўна не ходзіць, затое з дапамогай табурэта даволі бадзёра перасоўваецца па хаце. У Беларусь Ніна прыехала ў трохгадовым узросце: падчас Першай сусветнай вайны яе сям’я ўцякла з Брэстчыны ажно ў Кемерава. А потым вярнулася. Бацькі Ніны ў свой час былі пераселеныя з Белавежскай пушчы ў Драгічынскі раён. Гэта было тады, калі цар Мікалай ІІ вырашыў зрабіць з пушчы запаведнік. Усім перасяленцам ён выдзеліў шмат зямлі і коней. Таму сям’я была заможнай. У пяць гадоў у Ніны памерла маці.
“Пры Польшчы ж не было чаго купіць ― самі пралі, ткалі і хадзілі ў сваім. Маладэю замуж пайшла, амаль у 17 гадоў. Мацярі няма, мачаха была кепскай. А хлопец, які пасватаўся, быў добры. Багаты быў. У іх зямлі было много, бо пры Польшчы багаццем зямля была, а цяпер багацце ― грошы. У каго зямля ― у таго і хлеба хапала. Ён на пяць гадоў быў старэйшы, вучыўся, быў польскім вучыцелем, а польскі вучыцель тады ― бальшая шышка... Чаму я так доўга жыву? А хто яго знае, як Гасподзь даў. Гэта мука. То ногі баляць, то адно, то другое. Жыццё было кепскае. Пабачылі жыццё толькі, як прыйшла Савецкая улада. Дагэтуль было надта цяжка ― ткаць, лён сеяць, капаць, часаць, дзень і ноч працаваць”.
Павел Каратыш па мянушцы Кавалец памятае падрабязна кожную хвіліну свайго жыцця. У свае 93 ганяе па Кажан-Гарадку, што ў Лунінецкім раёне, на скутары. Кажа, што аддаў за cкутар “10 мільёнаў”. Нарадзіўся пры Польшчы, прайшоў нямецкі палон, вярнуўся на радзіму, быў і кладаўшчыком, і доярам-апаратчыкам, і малако збіраў у насельніцтва. Жыццём задаволены. Праўда, кажа, былі нюансы:
"Мы ў калгасах гадамі працавалі, а нам капейкі не давалі. Затое кожны дзень брыгадзір стукаў у акно, маўляў, ідзі на працу. А напрыканцы года налічвалі па 7 капеек на дзень. Але я людзям дапамагаў, тым самым зарабляў. Мог 15 рублёў у дзень зарабіць ― якой бабе дроваў прывязу, яна, хоць і небагатая, а заплаціць. Пайду ў калгас на некалькі дзён, а потым зноў сам па сабе. Ох, не падабалася гэта нікому. У маладосці хацеў паехаць у горад і працаваць на фабрыцы ці заводзе, развозіць хлеб па крамах. Але на вёсках пашпарты забіралі… Жыву па прынцыпе калі кепска ― чакай лепшага, калі добра ― чакай горшага. А ўвогуле, каб жыць нармальна, не трэба піць. Я і жыву так доўга, бо я не пітушчы. Калі б піў, напіўся б, упаў і памёр. У нас жахліва распіліся людзі. Чаму, думаеце, мяне адправілі вучыцца на апаратаршчыка-дояра? Таму што я не піў, хоць і быў беспартыйным”.
Нізенькая 99-гадовая Таццяна Барташ з празрыстымі вачыма, жыве ў самотнай хатцы ў Тышкавічах, што ў Іванаўскім раёне. Адна, дзяцей няма, з мужам пражыла 30 гадоў, пакуль той не памёр. Працавала на полі, пускала да сябе жыць кватарантаў. Памятае дзяцінства і працу ў нямецкага “баўэра”.
“Я маленькая была. Брацік пасвіў коровкы, і мяне мамка будзіла: “Тэнька, ідзі браціку дапамажы кароўкі гнаці”. І я ішла. Што мамка з таткам камандавалі, тое мы і рабілі. Што ўсім людзям, тое і ў нас было… А на вайне нас забралі ў Германію. Даіла коровкы, і мы складалі аўсяныя снапкі на другім паверсе. Снапок паляцеў у такую нібы трубу, а я за ім паляцела, з другога паверха. І ў карыта з цэментам бухнула. А дзяўчынкі ўсе крычаць: “Таня, капут Тані! Тані капут. Няма Тані”. Спусціліся ― я жывэнькая. За мяне, павезлі да доктара. Доктар паслухаў, сказаў: “Гуд, гэзунд”. Здаровая, значыць. “Цвай днэй лігэн. І гээн коў мілкен”. Два дні ляжаць, і кароўкі даіць пойдзеш. І так і было”.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"