Палітолаг: Для еўрапейцаў беларускае пытанне з’яўляецца выклікам
У Брусэлі прэзентавалі кнігу "Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва". Адзін з суаўтараў выдання Дзяніс Мельянцоў – у эфіры Еўрарад
Адным з аўтараў і рэдактараў публікацыі стаў таксама нямецкі дыпламат Ганс-Георг Вік. Беларускі бок прадстаўлены Аляксандрам Мілінкевічам, эканамістам Аляксандрам Чубрыкам і палітолагам Дзянісам Мельянцовым ды іншымі. У выданні даецца аналіз сённяшняй дзяржаўнай, эканамічнай, грамадскай і прававой сітуацыі. На падставе гэтага аналізу можна распрацаваць рэформы, неабходныя для таго, каб зрабіць краіну і яе структуры сумяшчальнымі з ЕС.
Еўрарадыё: Гэта кніга разлічаная на беларусаў, якім хочацца давесці, чаму варта супрацоўнічаць з Еўрасаюзам, ці ўсё ж гэта прэзентацыя Беларусі Еўрапейскаму саюзы?
Дзяніс Мельянцоў: І тое і другое. Асноўная ідэя была – даследаваць магчымасці набліжэння Беларусі да Еўрасаюза ва ўсіх сэнсах – у эканамічным, палітычным, культурным. Ставілася таксама мэта і прэзентацыі Беларусі еўрапейцам, паколькі не сакрэт, што Беларусь ведаюць досыць мала, нягледзячы на тое, што зараз мы суседзі Еўрасаюза.
2009 год, калі задумваўся праект - гэта быў вельмі цікавы час, калі Еўрасаюз пераходзіў ад палітыкі ізаляцыі да палітыкі ўцягвання ў дачыненні да Беларусі. Таму парадаксальна, але гэтая кніга сёння таксама з’яўляецца вельмі сваечасовай, таму што акурат сёння ў беларуска-еўрапейскіх адносінах настаў перыяд, калі варта спыніцца і падумаць, якія былі плюсы, што не атрымалася, дзе трэба скарэктаваць падыход Еўрасаюза да Беларусі. З іншага боку важна было і беларусам прадэманстраваць што ёсць такая перспектыва набліжэння да Еўрасаюза і што яна можа даць нашаму грамадству.
Еўрарадыё: На якім этапе, на вашую думку, зараз знаходзяцца адносіны паміж Беларуссю і ЕС – ізаляцыі ці супрацоўніцтва?
Дзяніс Мельянцоў: Зараз адназначна можна сказаць, што гэта ізаляцыя. Перыяд прагі супрацоўніцтва і інтэнцыя аднавіць нармальныя адносіны паміж Мінскам і Брусэлем скончыліся ў снежні мінулага года і зараз зноў мы маем перыяд пахаладання, замарозкі адносінаў. Але і афіцыйны Мінск і Брусэль зацікаўленыя ў тым, каб аднавіць гэтыя стасункі. Мінску трэба балансаваць расейскі ўплыў, шукаць фінансавыя сродкі для стабілізацыі эканомікі. Для еўрапейцаў беларускае пытанне з’яўляецца своеасаблівым выклікам, бо на межах Еўрасаюза знаходзіцца недэмакратычная дзяржава і Еўрасаюз думае, разважае, што з гэтым рабіць.
Зараз большасць даследчыкаў, якія займаюцца распрацоўкай знешнепалітычнай стратэгіі папросту знаходзяцца ў пошуках падыходаў. Большасць часу напрацягу прэзентацыі было прысвечана акурат не самой кнізе, а бачанню і аналізу сучаснага стану беларуска-еўрапейскіх адносінаў і намацванню магчымых падыходаў Еўрасаюза да Беларусі.
Еўрарадыё: А што адбывалася падчас экспертнай панэлі з Гансам-Георгам Вікам?
Дзяніс Мельянцоў: На панэлі прысутнічалі і аўтары кнігі і Аляксандр Мілінкевіч, і кіраўнік беларускага прадстаўніцтва фонда Конрада Адэнаўэра Штэфан Малерыюс, і дэпутат еўрапарламента, кіраўнік групы па Беларусі Яцэк Пратасевіч. Падчас панэлі абмяркоўваліся магчымыя накірункі стратэгіі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, цяперашняя палітыка санкцыяў. Трэба адзначыць што спадар Вік усё яшчэ цікавіцца Беларуссю, дастаткова абазнаны ў нашай праблематыцы, чытае навіны пра Беларусь. Ён вельмі адэкватна разважае пра тое, што адбываецца, схоплівае важныя тэндэнцыі і глядзіць далёка ў будучыню, на дзесяцігоддзі, чаго бракуе некаторым беларускім і еўрапейскім палітыкам, што імкнуцца жыць сённяшнім днём.
Еўрарадыё: Спадар Вік бачыць Беларусь у Еўрапейскім Саюзе?
Дзяніс Мельянцоў: Натуральна, так. Уся яго дыпламатычная дзейнасць у Беларусі таксама была скіраваная на тое, каб Беларусь наблізілася да Еўропы і па стандартах, і па заканадаўчых, культурных і палітычных нормах. Сама ідэя кнігі, назва кнігі паказваюць, што інтэнцыя палягае на тым, каб Беларусь была бліжэй да Еўропы, больш еўрапейскай, больш дэмакратычнай. Спадар Вік казаў, што калі Беларусь зробіць выбар на карысць Расіі, гэта канешне будзе выбар Беларусі, але калі беларусы хочуць мадэрнізаваць краіну, то трэба цягнуцца да Еўропы, браць прыклад з тых усходнееўрапейскіх краінаў, што абралі еўрапейскі шлях.