Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева хварэла на пнеўманію ў калоніі
Кацярына Андрэева
Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) ў канцы красавіка перахварэла на пнеўманію ў калоніі (а перад гэты быў прыступ сезоннай алергіі). Яна правяла дзесяць дзён у санчастцы і ўжо выпісалася. Пра гэта паведаміў у Facebook яе муж Ігар Ільяш. Паводле яго інфармацыі, "лекары своечасова дыягнаставалі хваробу і вельмі адказна паставіліся да лячэння".
"У цэлым за амаль што 3,5 гады зьняволення праз агульнае аслабленне арганізму Каця стала часцей хварэць на прастуды і пакутаваць ад галаўных боляў, — піша Ільяш. — У яе прыкметна пагоршыўся зрок — амаль непазбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца за кратамі".
Кацярына Андрэева знаходзіцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з "Плошчы Перамен" у Мінску. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватай у "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. На волю Кацярына Андрэева мусіла выйсці 5 верасня 2022 года. Аднак яе вырашылі пакінуць за кратамі і надоўга.
У ліпені 2022-га яна была асуджана на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. Была "прызнана вінаватай у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь". Сутнасць абвінавачання невядомая. Справай займалася ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.
Палітзняволеная знаходзіцца ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.