Паляўнічы сцвярджае, што выпадкова страляў у рэлейную шафу на чыгунцы
Месца, дзе адбылася "дыверсія"
У кастрычніку 2024-га ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці на чыгунцы адбылася "дыверсія". Там стралялі ў рэлейную шафу, спынялася праца святлафораў. Пра гэта паведамілі сілавікам. Эксперты пацвердзілі, што шафа з электраабсталяваннем магла быць пашкоджана стрэлам са зброі. Пачаўся пошук стралка.
Высветлілася, што ў той дзень у лесе непадалёк паляваў 53-гадовы прыезджы мужчына. Адкуль ён прыехаў, не ўдакладняецца (напярэдадні стала вядома, што Генпракуратура крытыкавала працу Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў). Яго стрэльбу (самазарадны паляўнічы карабін мадэлі "Тыгр-308", калібра 7,62 мм), а таксама прастрэленыя дзверы рэлейнай шафы і фрагменты металу для балістычнага даследавання адправілі ў Магілёў.
Як піша sudexpert.gov.by, мужчына растлумачыў, што паляваў у лесе на казуль. Ён не заўважыў, што адным са стрэлаў пашкодзіў абсталяванне чыгункі. Што чакае паляўнічага, невядома. Пакуль праходзіць праверка. Але дзеянням паляўнічага абяцаюць даць "прававую ацэнку".
У 2022-м на пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны ў Беларусі дзейнічалі групы "рэйкавых партызан". Каб спыніць цягнікі з расійскімі войскамі, яны псавалі абсталяванне чыгункі. Рэжым Лукашэнкі змог спыніць дыверсіі толькі жорсткімі мерамі — некалькіх затрыманых партызан паказальна паранілі ў ногі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.