Паляванне на “БЧБшнікаў” не спыняецца, а колькасць тых, хто хоча перамен, расце

Паляванне на “БЧБшнікаў” не спыняецца, а колькасць тых, хто хоча перамен, расце

Гвалт, затрыманні, “суды” і атмасфера расчаравання яўна не самым лепшым чынам уплываюць на палітычную актыўнасць свядомага беларускае грамадства. Але згодна з апытаннем нямецкага сацыялагічнага цэнтра ZOiS, цяпер у Беларусі расце колькасць прыхільнікаў новых выбараў. Ці прыкмета гэта таго, што беларусы не стаміліся ад пратэстаў?

— Пастаянна жыць у стрэсе немагчыма, стомленасць назапашваецца. Ёсць пэўнае расчараванне, ёсць страх. Гэта адлюстроўваюць шмат якія даследаванні,  — расказвае ў эфіры Еўрарадыё экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў. — Але “перагарнуць старонку” немагчыма. Людзі выйшлі на новы стан развіцця. Галоўнае пытанне — “Як?”. Няма візіі таго, што рабіць, вось у чым галоўнае пытанне, як мне падаецца. Калі ты не разумееш, што будзе праз год, праз месяц, то гэта вельмі стрэсовая сітуацыя. І людзі пачынаюць пакрыху адыходзіць.

Але ўнутранае напружанне ў грамадстве застаецца. Факт, што ўлады робяць усё для таго, каб гэтае напружанне захоўвалася ва ўнутрыпалітычнай прасторы і на знешнепалітычным напрамку. Гэта вельмі разбуральна дзейнічае як на саму ўладу, так і на індывідуальную калектыўную псіхіку. Але калектыўная свядомасць, як мне падаецца, больш пластычная. Тое, што мы перажылі ў 2020 годзе, дае большы запас схільнасці да выжывання.

Вядома, што ў Беларусі незалежным сацыялагічным цэнтрам забаронена праводзіць апытанні — прынамсі, без дазволу дзейных уладаў дакладна. Але, нягледзячы ні на што, у замежных сацыёлагаў цікавасць да падзей у Беларусі прысутнічае. Чаму так?

— Зразумела, што падзеі 2020 года прыцягваюць увагу ўсяго свету. У мяне ёсць гіпотэза, што Беларусь зараз падае прыклад палярнага развіцця для самой Еўропы, — працягвае Генадзь Коршунаў. — Гэта ўвасабленне дэмакратычных каштоўнасцяў, барацьбы за правы чалавека. Па каштоўнасных зрухах, якія адбыліся цягам апошніх дзесяці гадоў, па тым, як беларускае грамадства ўцягваецца ў інфармацыйную эру развіцця, я ўпэўнены, што беларускае грамадства ідзе абсалютна ў еўрапейскім рэчышчы.

З другога боку, тое, што робіць беларуская ўлада, гэта абсалютны полюс, гэта інструменты і практыкі не тое што папярэдняй эпохі, а яшчэ больш далёкай. Атрымліваецца, што зараз на прыкладзе Беларусі еўрапейцы бачаць два полюсы, дзве стратэгіі.

Як сказаў спадар Бабкоў, Беларусь зараз — гэта лабараторыя будучыні для чалавецтва. Таму да Беларусі ўвага з усіх бакоў — з Усходу і з Захаду. Зразумела, што ў гэтым сэнсе сацыялагічны погляд таксама з’яўляецца вельмі цікавым і карысным для зацікаўленых бакоў рознага ўзроўню і палітычнага кшталту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі