Партыя “Справядлівы свет” не пагаджаецца на адзінага кандыдата
Беларускія “левыя” не стануць падпісваць апошні варыянт праекту працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучыя прэзідэнцкія выбары.
Аналагічнае рашэнне з боку Аб’яднанай грамадзянскай партыі робіць немагчымым вылучэнне аднаго палітыка ад дэмакратычных сіл краіны.
У “Справядлівым свеце” лічаць, што ўдзел партыі ў Кангрэсе дэмакратычных сіл па вызначэнні адзінага кандыдата магчымае толькі пасля папярэдняга ўзгаднення палажэнняў перадвыбарчай праграмы і сцэнарыяў удзелу апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2015 году.
Адпаведнае рашэнне было прынятае бюро цэнтральнага камітэту партыі 29 лістапада ў Мінску. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідар арганізацыі Сяргей Калякін. Ён патлумачыў яго тым, што для партыі непрымальнае вылучэнне дэлегатаў кангрэсу шляхам збору подпісаў.
Пра падпісанне дакумента аб працэдуры абрання адзінага кандыдата заявілі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду”, Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”. У перамовах удзельнічаюць яшчэ дзве структуры: АГП і партыя “Справядлівы свет”, якія адмовіліся падпісваць дакумент. Такім чынам, абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі на сёння немагчымае.