Partyzone "Падаць і ўзлятаць"
Чацвёрты студыйны альбом пераможцаў "Басовішча 2002" пасля шасцігадовага маўчання.
Пачнем з вокладкі, на якой гурт амаль не пакінуў ніякіх звестак, нават імёны музыкаў, не згадваючы ўжо пра імя гукарэжысёра і пра тое, калі пісаліся песні. Улічваючы тое, што чацвертую кружэлку музыкі выдалі праз 6 гадоў маўчання і амаль поўнай адсутнасці канцэртаў, давялося ўсё ж паразмаўляць з аўтарам і лідарам калектыву Яўгенам Цылікавым.
Як высветлілася, пісалася ўсё на студыі Quadro, а звадзіў матэрыял сам Яўген Цылікаў з дапамогай Глеба Жалезнага. Што ж тычыцца афармлення вокладкі, то і тут не абышлося без рукі Яўгена. Перакулены вадаспад, на яго думку, як раз і сімвалізуе назву альбома – “Падаць і ўзлятаць”, хіба толькі глядзець трэба глыбей - праз прызму нашага жыцця. Ну, з вокладкай разабраліся, зазірнем у сярэдзіну.
Альбом пачынаецца песняй “Розум”, якая адразу кажа, што новы дыск Partyzone ніякіх прынцыповых зменаў у стылістыку гурта не прынёс. Усё тое ж хардавае гучанне ў пафаснай падачы. Хіба толькі электронных эфектаў стала больш. І варта адзначыць, што не так часта яны рэальна трапляюць у агульную стылістыку песні і падаюцца непатрэбнымі.
Пра песню “Богі далі мне імя” увогуле можна шмат распавядаць. Па-першае, ў ёй чырвонай стужкай узнікае асноўная тэма "Танцу рыцараў" Сяргея Пракоф’ева, але нідзе пра гэта не згадваецца. Гэта справа музыкаў, вядома, але мне гэта падаецца няправільным. Па-другое, на пятай хвіліне песня абсалютна лагічна заканчваецца. Але не! Музыкі, відаць, падумалі, што пяці хвілінаў недастаткова, а таму яшчэ на 3 хвіліны лупанулі сола ды прыпеў, скончыўшы кампазіцыю ўсё тым жа Пракоф’евым. Увогуле, амаль усе песні на альбоме вельмі доўгія. Толькі дзве з дзевяці цягнуцца менш за пяць хвілін, і гэта таксама пэўнае адрозненне ад папярэдніх дыскаў гурта.
Загалоўная песня альбома “Падаць і ўзлятаць” – гэта напэўна апагей пафасу на альбоме, асабліва, калі ўзгадаць пра словы Цылікава, што назва кружэлкі тычыцца нашага жыцця. Але, у той жа час, да спадобы прыйшлася мелодыка песні, а самае галоўнае, яна рэальна ўлазіць у галаву і трымаецца там даволі доўга.
Яшчэ варта адзначыць, што ў песнях Partyzone з’явілася шмат рэлігійных падтэкстаў. Хоць цалкам магчыма, што я проста дадумваю нешта. Дарэчы, песня пад назвай "Вера" – напэўна, другая па пафаснасці на дыску. Ну, і ўжо калі пачаў зноў казаць пра пафас, то я б на месцы музыкаў ад яго пазбаўляўся, можа не цалкам, можа які невялічкі яго кавалак і варта было б пакінуць, але… Справа ў тым, што моцны, незвычайны і прыгожы вакал Дзяніса Вячэрскага гіне з-за гэтага пафасу. Дарэчы, гэта бачна па апошняй песні на дыску “Мы Ляцім”.
Ну і некалькі словаў пра аранжыраванне. Прафесійнасць музыкаў проста кідаецца ў вочы, зноў жа, крыўдна, што іх імёны не пазначаныя на вокладцы. Але аранжыроўкі вельмі часта кульгаюць. Ужо казалася пра сінтэзатарныя гукі, якія часам падаюцца лішнімі, сюды ж даецца яшчэ і мяшанка, якая ўзнікае звычайна пад канец песень, ці падчас салякоў. Інструменты піляць свае партыі нібыта не заўважаючы адзін аднаго. Не веру, што ўжо дарослыя музыкі могуць проста цягнуць на сябе коўдру, справа ў нечым іншым, а вось у чым, разбірацца ўжо не мне, а гурту Partyzon. Агулам, лічу, што дыск “Падаць і ўзлятаць” гэта крок наперад. Магчыма, невялічкі, але крок.
Ну, а тым, хто ніколі не чуў гурт, раю не прымаць паспяховых рашэнняў і для пачатку наведаць іх жывы канцэрт. Праўда, калі ён будзе, прадказаць складана.