ПАСЕ: Уладам Беларусі трэба павялічыць давер беларусаў да выбараў
Апублікаваная справаздача кіраўніка місіі назіральнікаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рэха Дэнэміча на прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне, якія адбыліся 11 кастрычніка. У ёй адзначаецца, што ў склад міжнароднай місіі ўваходзілі не толькі прадстаўнікі ПАСЕ, але і назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Асноўная іх выснова: Беларусі яшчэ трэба прайсці значны шлях выканання сваіх абавязацельстваў па правядзенню дэмакратычных выбараў. Працэдура падліку галасоў і правілы працы назіральнікаў на выбарчых участках павінны быць значна палепшаныя, каб павялічыць давер да выбараў, інфармуе БелаПАН.
У справаздачы адзначаецца, што "выбары не абмяжоўваюцца толькі днём галасавання, таму Беларусь павінна палепшыць заканадаўчыя рамкі правядзення выбараў, каб гарантаваць стварэнне канкурэнтаздольнага палітычнага серадовішча". Міжнародныя эксперты мяркуюць, што гэта адна з галоўных умоваў для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці ў краіне.
Дэнэміч адзначае, што ў Беларусі няма агульнага рэестру выбаршчыкаў, у выніку спісы складаюцца на падставе дадзеных, якія прадастаўляюць мясцовыя ўлады. Звяртаецца ўвага на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса і рэсурсаў грамадскіх арганізацый для правядзення агітацыі за дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Фота: ria.ru