Паступленне па-чыноўніцку: “Ім жа дастаткова мінімальных балаў!”

Паступленне па-чыноўніцку: “Ім жа дастаткова мінімальных балаў!”

“Ім жа трэба набраць мінімальны вынік на тэставанні! Трэба прайсці мінімальны парог”, — апісваюць Еўрарадыё  перавагі мэтавага паступлення ў Мазырскім райвыканкаме. Гэта калі абітурыент ідзе па дамове з райвыканкамам і паступае ў абыход звычайных абітурыентаў.

Колькасць такіх месцаў вызначае Мінадукацыі па рэкамендацыі аблвыканкамаў, а аблвыканкамы разглядаюць заяўкі райвыканкамаў. Напрыклад, Мазырскаму раёну трэба 5 педагогаў праз 5 гадоў. І ім выдзяляюць столькі мэтавых месцаў па розных універсітэтах. Але як трапіць у тыя 5 шчасліўчыкаў і паступіць без прахаднога бала? Вось у чым пытанне.

“Кожны раён прапануе мэтавыя месцы зыходзячы з патрэбаў. Ёсць дзеці, якія хочуць так паступаць. Аддзел адукацыі абірае спецыяльнасці, якія будуць патрэбныя. Сваім выпускнікам гэта прапануе школа. Агульны бал атэстата ў такога мусіць быць не меншы за 6 балаў з 10. Але мы ж абіраем таленавітых выпускнікоў!” — апісваюць у Мазырскім райвыканкаме.

Такія “таленавітыя выпускнікі” звычайна маюць удвая меншыя балы сертыфікатаў тэставання!

Але навошта наогул мэтавае накіраванне на вучобу ў краіне, дзе ёсць размеркаванне?

“Там жа размеркаванне па рэйтынгу. А мэтавік, як бы ён ні вучыўся, няхай у яго нізкі ўзровень дыплома будзе, будзе адпрацоўваць у нас, бо з ім мэтавая дамова”, — дзіўна тлумачаць мне ў Мазырскім райвыканкаме.

Сёлета яны накіравалі вучыцца 5 чалавек на педагогаў. Адзін паступае ў Лінгвістычны ўніверсітэт, маючы 180 балаў пры прахадным бале не менш за 240 з 400. Вось такая мэтавая матэматыка.

У Дзяржынскім раёне мяне ўпэўніваюць, што за будучымі мэтавікамі сочаць са школы, глядзяць на іх таленты і зацікаўленасці. А ўжо потым прапануюць паступіць па мэтавым накіраванні.

“Бывае так, што на мэтавае паступленне прэтэндуюць два чалавекі, тады ўжо глядзяць на вынік на тэставанні і абіраюць лепшага”, — гавораць у райвыканкаме. Сёлета адсюль накіравалі 4 чалавек паступаць на настаўніка і аднаго — на “аэракасмічныя тэхналогіі”, каб працаваў пасля ў касмічным цэнтры ў Станькава.

А, напрыклад, у Лінгвістычным універсітэце па мэтавай дамове з раёна паступіла 47 чалавек. І гэта на 550 бюджэтных месцаў.

Пакрокавая інструкцыя для выпускніка з раёна, які хоча трапіць ва ўніверсітэт у абыход прахаднога бала, выглядае так. У 11 класе звяртаешся ў мясцовы райвыканкам, у той аддзел, які курыруе тваю спецыяльнасць. Калі гэта педагог — то ў аддзел адукацыі, калі медыцына — ва ўпраўленне аховы здароўя. Калі там ёсць патрэба ў такіх кадрах, а ваш бал атэстата не ніжэйшы за 6 з 10 — бінга!

Ідзяце паступаць з мінімальнымі баламі. Праўда, давядзецца адпрацаваць 5 гадоў, а не 2, па размеркаванні. Але і гэта праблема вырашаецца. Калі ажаніліся ці выйшлі замуж, раёны могуць дамовіцца паміж сабой, і паедзеце да мужа ці жонкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі