Полацкая пенсіянерка, якой арматура прабіла сэрца, выжыла і цяпер у бяспецы
79-гадовая жыхарка Полацка, якой кавалкам арматыру прабіла сэрца, здолела выжыць і цяпер яна ў бяспецы. Медыкі называюць яе выратаванне цудам.
Як паведамлялася раней, 30 траўня жанчына вырашыла пафарбаваць дах свайго прыватнага дома. Яна залезла на 3-метровую вышыню, але не ўтрымалася, сарвалася ўніз і ўпала на металічную арматуру. Жалезны штыр прабіў жанчыне лёгкае і сэрца, прычым яна праляжала так даволі доўга, пакуль яе не заўважылі выпадковыя мінакі і не выклікалі выратавальнікаў.
Спецыялісты МНС вызвалілі бабульку і перадалі медыкам, але сітуацыя была крытычнай: арматура наскрозь прабіла правае перадсэрдзе і шансы на выжыванне былі мінімальныя. Тым не менш хірургі змаглі зашыць рану, хоць і вылалілі частку лёгкага. Падчас аперацыі сэрца жанчыны спынілася, але медыкі яго запусцілі.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на галоўнага лекара Полацкай цэнтральнай гарадской лякарні Аляксандра Гудкова, на сёння жыццё бабулькі ў бяспецы. Яна ў прытомнасці і можа размаўляць.