Польшча абмежавала ўвоз паліва з Беларусі. Што гэта значыць

Польшча абмежавала ўвоз паліва з Беларусі. Што гэта значыць

З мяжы даходзяць гісторыі аб дзесятках "развернутых" аўтамабіляў. Разбіраемся, як сітуацыя выглядае насамрэч.

 

Што здарылася?

З 14 лістапада Польшча ўвяла абмежаванне на ўвоз паліва ў аўтамабільных баках. З поўным можна перасякаць беларуска-польскую мяжу толькі адзін раз на 72 гадзіны. Калі часцей, то не больш за 20 літраў. Такія паведамленні распаўсюдзілі беларускія мытныя службы. Ужо праз тыдзень пасля новаўвядзення прэс-служба Гродзенскай мытні інфармавала, што палякі вяртаюць беларускія машыны дзясяткамі. За тыдзень, што прайшоў з моманту ўвядзення абмежаванняў, толькі ў пункце пропуску "Брузгі" каля Гродна прыкладна 40 аўтамабіляў не змаглі праехаць у Польшчу.

 

Гэта законна?

Паводле мытных правілаў Еўрасаюза, куды пакуль уваходзіць Польшча, падчас перасячэння мяжы кіроўца можа мець поўны бак паліва, а таксама невялікі запас у каністры ― не больш за дзесяць літраў. Пра тое, што з поўным бакам бензіну ці дызелю можна ехаць толькі раз на 72 гадзіны, там няма ні слова.

 

Чаму тады палякі не пускаюць беларусаў?

Бо ідуць на хітрасць, якую дапускаюць польскія законы. Як расказаў Еўрарадыё ў афіцыйным лісце прадстаўнік беластоцкага філіяла Мытнай службы Польшчы Мацей Чарнецкі, у апошні час польскія мытнікі назіралі павелічэнне колькасці жадаючых перавезці паліва з Беларусі ў Польшчу. А яны, як мытнікі суседняй краіны, павінны перашкаджаць "перавозу паліва з мэтай заробку" і маюць права пры ўзнікненні падазрэнняў разварочваць аўтамабілі на мяжы.

 

Польшча абмежавала ўвоз паліва з Беларусі. Што гэта значыць
Фота sputnik.by

Я еду ў падарожжа па Еўропе, перасякаю мяжу з Польшчай, папярэдне максімальна заправіўшыся. Што са мной зробяць?

Прапусцяць. Як гаварылася вышэй, вы можаце везці з сабой не толькі поўны бак паліва, але і 10-літровую каністру. Бензін, альбо дызель ― значэння пры гэтым не мае. Хоць газа. Аб'ём бака таксама не мае значэння. Калі ў вашага аўтамабіля ён паводле канструкцыі роўны ста літрам, то можаце везці сто літраў.

 

Я важу салярку ў Польшчу і нелегальна там яе прадаю. Што будзе?

Калі адкінуць сам факт нелегальнага гандлю (гэтым займаецца польская паліцыя), то з поўным бакам вы цяпер можаце паехаць у Польшчу толькі раз на 72 гадзіны ― час адлічваецца ад моманту ўезду, яго фіксуюць памежнікі. Раней за гэты тэрмін без пошліны і "развароту" можна правезці толькі 20 літраў паліва. Правяраць яго колькасць мытнікі памежнай дзяржавы могуць альбо з дапамогай датчыка паліва вашага аўтамабіля, альбо эксперыментальна зліваючы ўсё, што маеце ў баку. Як ім захочацца.

 

І што цяпер робіцца на межах?

Пра памежныя пераходы побач з Гродна гаварылася вышэй. У Брэсце сітуацыя выглядае іначай. Як расказаў Еўрарадыё прэс-сакратар Брэсцкай памежнай групы Аляксандр Кіслоў, там кіроўцы пакуль на палякаў не скардзяцца і пра выпадкі "развароту" праз перабор паліва не чуваць. У той жа час, за апошні тыдзень колькасць жадаючых праехаць у Польшчу праз памежныя пераходы скарацілася з 4400 тысяч аўтамабіляў у суткі да 3500 ― 3000. Праўда, па словах Кіслова, гэта можа быць звязана не столькі з увядзеннем паліўных абмежаванняў, колькі з сезонным скарачэннем паездак.

 

А палякаў-кантрабандыстаў пускаюць? І што там на мяжы з Літвой?

Беластоцкія мытнікі запэўнілі Еўрарадыё, што аднолькава пільна кантралююць як беларусаў, так і грамадзян усіх іншых краін, у тым ліку Польшчы. Літоўцы ўводзіць абмежаванні на правоз поўнага бака паліва на беларуска-літоўскай мяжы пакуль не плануюць.

 

А колькі паліва каштуе ў Польшчы?

Кошты розныя ў розных аператараў і ў розных ваяводствах. У Беластоцкім сярэдні кошт 95-га бензіну ў пераводзе на беларускія складае прыкладна 2 рублі 20 капеек. У Беларусі на запраўках "Беларусьнафты" літр такога ж паліва 22 лістапада каштаваў 1 рубель 10 капеек. Гэта значыць, удвая танней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі