Поўнае відэа праграмы "Буйным планам" з удзелам Лідзіі Ярмошынай
Старшыня ЦВК выказвалася на тэму будучых прэзідэнцкіх выбараў.
Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі, узяла ўдзел у праграме "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1". Праграма была прысвечана будучым прэзідэнцкім выбарам.
Ярмошына наракала, што на сённяшні дзень толькі адзінкі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, здольных узяць адказнасць за краіну і якія разумеюць, што на гэтай пасадзе "можна і загінуць". Яна параіла патэнцыйным кандыдатам за 5 гадоў да выбараў завесці блог у інтэрнэце і быць там актыўным, у выніку так можна абсалютна бясплатна стаць вядомым, лічыць старшыня ЦВК.
Таксама Лідзія Ярмошына прапанавала рэцэпт для апазіцыянераў, у якіх няма праграмы: "Калі няма [праграмы], якая праблема? Калі ты апазіцыйны кандыдат, возьмеш праграму апазіцыйнага кандыдата, які ўдзельнічаў у выбарах 2010 года, заменіш там пару момантаў, уставіш Украіну, нейкага стратэгічнага ворага ці прыхільніка. Вось вам і гатова!".
Ярмошына выказалася пра жанчын-патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты: "Ёсць, канешне, і дзяўчаты мілыя. Я жадаю ім усялякага дабра і шчасця. Але на мой погляд пакуль у іх усё крохка так".
Старшыня ЦВК нагадала, што за 4 прэзідэнцкія кампаніі ў Беларусі было 24 кандыдата ў прэзідэнты (6 у 1994-м, 4 у 2001-м, 4 у 2006-м і 10 у 2010 годзе). Сёлета яна прагназуе зноў 10 кандыдатаў.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, беларусы не ведаюць партыі, паколькі яны "не знаходзяцца ў парламенце, не прадстаўленыя на афіцыйным узроўні". Таму насельніцтва ведае толькі дзве партыі: камуністычную і БНФ, як першую апазіцыйную партыю, якая ўзнікла ў нашай краіне, лічыць старшыня ЦВК.
У праграме Ярмошынай паказалі відэапытанне эканаміста Яраслава Раманчука, які ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў якасці кандыдата. Ён пацікавіўся, ці ведаюць беларусы, што такое свабода і ці ўмеюць ёй карыстацца? Ярмошына лічыць, што ведаюць, "паколькі жывуць у свабоднай дзяржаве і грамадстве".