Пра тых, хто падтрымлівае парадак у Косава (фотарэпартаж)

Іх не вельмі любяць і сербы, і касавары, таму часам у бок міжнароднай паліцыі гучаць “папераджальныя стрэлы” Верагодна, што Косава — самы праблемны рэгіён на Заходніх Балканах. Ваеннае, рэлігійнае і нацыянальнае супрацьстаянне пакінулі такія моцныя адбіткі на эканоміцы, што гэтая, усяго год таму самаабвешчаная і далёка нават не ўсімі краінамі Еўрасаюзу прызнаная, лічыцца адной з бяднейшых краін гэтага рэгіёну.

Напісаць Канстытуцыю, стварыць Канстытуцыйны суд і занепакоіцца захаваннем гістарычнай спадчыны касаварам дапамагаў міжнародны грамадскі фонд. Спецпрадстаўнік ЕС кансультуе кіраўніцтва Косава “па палітычных пытаннях”. Але былі на момант абвяшчэння незалежнасці яшчэ такія праблемы, як барацьба са злачыннасцю, фактычна адсутнічалі сістэмы судоў і кваліфікаваных суддзяў, памежных служб.



Вырашэннем гэтых пытанняў, пасля атрымання мандата ААН, занялася спецыяльна створаная арганізацыя EULEX (Еўрапейскі саюз: Закон і права). Менавіта яны, сумесна з мясцовымі паліцэйскімі, займаюцца праваахоўчай дзейнасцю, расследаваннем злачынстваў, судовай дзейнасцю, стварылі памежныя службы. Дарэчы, па словах кіраўніка міжнародных паліцэйскіх Роя Рыфа (Roy Reeve), у бліжэйшыя часы косаўскія ўлады ўводзіць візавы рэжым не збіраюцца. Кошт праграмы — 200 мільёнаў еўра ў год. Хаця, кажа Рой Рыф, яшчэ некалькі месяцаў таму супрацоўнікі арганізацыі былі не ўпэўнены, што справяцца з узятай на сябе місіяй.



Рой Рыф: “Калі мы пачыналі сваю працу ў снежні, было дастаткова шмат песімізму ў адносінах таго, чаго мы здолеем дасягнуць. Але мы разгарнулі працу па ўсім Косава. Пракуроры і суддзі працуюць па ўсёй краіне. Нашы паліцэйскія прысутнічаюць ва ўсіх паліцэйскіх участках, нават у Паўночных Мітравіцах. Мы аднавілі працу на двух памежна-прапускных пунктах. Разам з тым мы не закончаныя аптымісты і разумеем, што будзе пэўны супраціў таму, што мы спрабуем рабіць, і цягам апошніх 3-4 дзён нам даводзілася удзельнічаць у навядзенні парадку на Поўначы Косава. Але мы, замяніўшы сілы ААН, не проста прыйшлі на змену — мы спрабуем змяніць усю сітуацыю ў вяршэнства закона ўвогуле”.

У той жа час, кажа Рой Рыф, паліцэйскіх міжнародных сілаў не ўбачыш у якасці патруля на вуліцах горада. Яны займаюцца выкрыццём арганізаванай злачыннасці, барацьбой з карупцыяй, перакрыццём наркатрафікаў і гандлю зброяй.

Апошнім часам з’яўлялася шмат інфармацыі ў СМІ пра тое, што ў Косава квітнее гандаль людзьмі. Але прадстаўнік міжнароднай паліцыі заявіў, што яна “не знайшла пацверджанняў”.

Рой Рыф: “Сітуацыя больш анекдатычная, чым рэальная. Калі EULEX прымаў на сябе абавязкі ад ААН у сферы барацьбы з супрацьзаконнай дзейнасцю, мы атрымалі каля 600 файлаў з нібыта канкрэтнымі выпадкамі і доказамі па фактах гандлю людзьмі. Але пакуль мы не знайшлі сур’ёзных пацверджанняў ні аднаму з іх. Мы ўжо дасягнулі пагаднення з Міністэрствамі ўнутраных спраў Албаніі, Македоніі і Чарнагорыі аб узаемадзеянні і абмене інфармацыяй у гэтай сферы. Спадзяемся, гэтага ж дасягнуць і з Сербіяй. Але мы не можам саўладаць з сітуацыяй нават на ўзроўні праверкі інфармацыі. Нам патрэбна пастаяннае ўзаемадзеянне з калегамі”.



Не ўсіх задавальняе той факт, што часта з-за недахопу мясцовых спецыялістаў раскрыццём злачынстваў займаецца EULEX, і пракурор ад EULEX удзельнічае ў справе, і суд, у прысутнасці замежных “спецыялістаў” выносіць прысуд. А калі справы тычацца карупцыйных злачынстваў, то косаўскія следчыя і суддзі ўвогуле не прымаюць справу ні ў расследаванні, ні ў пакаранні. Праўда, кажа Рой Рыф, што іх дзейнасць знаходзіцца пад кантролем іншых міжнародных структур. Таго ж АБСЕ.

Рой Рыф: “У косаўскай паліцыі проста няма дастаткова спецыялістаў, каб расследаваць складаныя злачынствы, напрыклад, забойствы. У той жа час ім нельга даверыць весці справу з палітычным кантэкстам. Напрыклад, датычную карупцыі. Лягчэй міжнароднай арганізацыі займацца гэтай справай і даводзіць яе да суду, чым тым структурам косаўскім, для якіх гэта можа стацца немагчымым”.



Па сутнасці, міжнародныя праваахоўчыя сілы EULEX аказаліся ў Косава паміж двух агнёў. З аднаго боку іх не любяць сербы, пасля ўдзелу ў “навядзенні парадку ў Паўночнай Мітравіцы”. З другога — яны перашкаджаюць нацыяналістычным албанскім групоўкам спакойна праводзіць сваю палітыку. Як вынік, на сценах дамоў у Прышціне, побач з мемарыяльнымі дошкамі ў гонар косаўскіх палявых  камандзіраў, што загінулі ў супрацьстаянні з сербскімі войскамі, можна пабачыць графіці: “EULEX — не!” альбо “EULEX — зроблена ў Сербіі”. Пры гэтым аб сур’ёзным адкрытым супрацьстаянні з мясцовым насельніцтвам гаворка не ідзе, кажа Рой Рыф. Праўда, прызнаецца, што некалькі разаў ў іх бок рабілі “папераджальныя стрэлы”.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі