"Праблема ўшчыльнення перацякае са сталіцы на рэгіёны"

"Праблема ўшчыльнення перацякае са сталіцы на рэгіёны"

Кампанія "Генплан ― для мінчан" стала вядомая зусім нядаўна, калі яе актывісты падаравалі Мінгарвыканкаму сувеніры з жартаўлівымі фотаздымкамі "ушчыльненага" цэнтра Мінска, якія калісьці намалявала Еўрарадыё. Прадстаўнік кампаніі Дзяніс Кобрусеў распавядае, навошта патрэбная такая ініцыятыва, як рэагуюць мінчане на іх дзейнасць, і прыводзіць прыклады самага абуральнага "ушчыльнення".

Еўрарадыё: Чаму паўстала кампанія “Генплан — для мінчан”?

Дзяніс Кобрусеў: Мы займаемся праблемай ушчыльнення горада і знішчэння зялёных зон на працягу 5 гадоў. За гэты час сабраўся пэўны досвед і мы зразумелі, што гэтыя праблемы, якія мы дапамагаем вырашаць жыхарам, маюць больш сур’ёзную прычыну. Гэтыя канфлікты фактычна закладаюцца ў генеральным плане горада Мінска. Каб зменшыць канфліктнасць, мы вырашылі сканцэнтравацца на генплане, бо ведалі,што плануецца яго карэкціроўка. Мы арганізавалі кампанію, далучылі да яе мясцовыя ініцыятывы, экспертную супольнасць і распрацоўваем прапановы, каб такіх паняццяў, як ушчыльненне і знішчэнне зялёных зон, проста не было.

Еўрарадыё: Мінчане актыўна цікавяцца гэтай кампаніяй? Ці шмат людзей вас падтрымлівае?

Дзяніс Кобрусеў: Безумоўна, у Мінску мы працуем з больш як 15 ініцыятыўнымі групамі жыхароў, якія цікавяцца рознымі праблемамі, таксама да нас далучаюцца проста звычайныя грамадзяне, дапамагаюць збіраць подпісы, прапановы ці іншым чынам нас падтрымліваюць. Тэма генплана для мінчан вельмі цікавая, што пацвярджаюць усе 25 дзён грамадскага абмеркавання.

Еўрарадыё: Вы падаравалі Мінгарвыканкаму сувеніры з апакаліптычнымі відамі цэнтра Мінска, якія калісьці жартам прыдумалі і намалявалі журналісты Еўрарадыё. Ці была нейкая рэакцыя кагосьці з чыноўнікаў на вашы прэзенты?

Дзяніс Кобрусеў: Публічнай рэакцыі не было, але мы яе і не чакалі. Мы больш разлічвалі на зацікаўленасць грамадства, і яна з’явілася. Грамадства, карыстальнікі інтэрнэта заўважылі нашу кампанію. Ад чыноўнікаў цяжка чакаць, каб яны прызналі сваю памылку.

Еўрарадыё: Якія, на вашу думку, найбольш яскравыя і абуральныя прыкладны планаванага ўшчыльнення горада?

Дзяніс Кобрусеў: “Брама Мінска” — гэта адзін з самых яскравых прыкладаў, калі элітнае жыллё хочуць будаваць у квартале, якія мае гістарычна-культурную каштоўнасць. Іншы прыклад — плануецца пад выглядам рэканструкцыі знесці Асмалоўку, гістарычны раён, жыхары змагаюцца супраць гэтага, таксама пасёлак трактарабудаўнікоў, пасёлак МАЗа — гэта першыя спальныя мікрараёны,якія можна было б захаваць, але паводле генплана, хочуць ушчыльняць. Таксама ёсць і іншыя рэчы — закладзена, што водна-зялёны дыяметр горада Мінска (берагі Свіслачы, Сляпянская водная сістэма) збіраюцца адбіраць па кавалачку ў паркаў для таго, каб нешта пабудаваць. Новы будынак Вярхоўнага Суда плануецца паставіць насупраць Палаца Незалежнасці. На вуліцы Філімонава ў Сляпянскай воднай сістэмы таксама адбіраюць кавалак пад нейкую грамадскую забудову. Дэталізаваць усе прыклады на сённяшні дзень немагчыма, бо генплан не разглядае лёс канкрэтных аб’ектаў.

Еўрарадыё: Ці атрымалася ў вашай кампаніі нечага дамагчыся?

Дзяніс Кобрусеў: Мы шмат чаго дамагліся. Па-першае, мы былі адзінымі, хто апублікаваў тэкст генплана ў інтэрнэце, пасля гэтага арганізатары слуханняў знялі абмежаванне на капіраванне матэрыялаў. Другі прыклад — тая ж “Брама Мінска”, якую паводле генплана хацелі забудаваць. Але гэты пункт быў выкраслены рукой галоўнага архітэктара сталіцы Аляксандра Акенц’ева.

Еўрарадыё: Ці гэтак жа актуальная праблема ўшчыльнення забудовы, зносу сядзібнай забудовы і для рэгіёнаў?

Дзяніс Кобрусеў: Гэтая тэндэнцыя ўжо перакінулася і на рэгіёны, і перадусім, на гарады-спадарожнікі. Такія сітуацыі ўзнікалі і ў Фаніпалі, і ў Дзяржынску, цяпер назіраецца таксама ў самым шчыльным горадзе Беларусі, Салігорску, дзе ўшчыльняюць двары, а таксама ў абласных гарадах. Так што, праблема актуальная не толькі для сталіцы. А ў будучыні плануецца ўшчыльняць нават такія гарады, як Маладзечна і Валожын.

Фота: realt.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі