Прадку валасоў Джона Ленана прадалі за 35 тысяч долараў
Прадку валасоў Джона Ленана прадалі на аўкцыёне ў ЗША за 35 тысяч долараў, паведамляе ВВС. Цырульнік пакінуў яе ў сябе, пасля таго, як пастрыг легендарнага музыку, які рыхтаваўся тады да ролі ў фільме “Як я выйграў вайну”.
Джон Ленан быў забіты ў Нью-Йорку ў 1980 годзе. Прадку яго валасоў набыў брытанскі калекцыянер Пол Фрэйзер.
На таргах у Тэхасе былі выстаўленыя і іншыя прадметы, звязаныя з гуртом The Beatles. Сярод іх — запячатаная копія альбому Yesterday and Today з гэтак званай “вокладкай мясніка”, на якой музыкі апранутыя ў белыя халаты і трымаюць на руках абезгалоўленыя дзіцячыя лялькі і кавалкі сырога мяса. Копію прадалі за 42 500 долараў.
Нягледзячы на тое, што The Beatles застаецца культавым гуртом і мае прыхільнікаў сярод маладога пакалення, іншых удзельнікаў калектыву не заўсёды могуць пазнаць. Кур’ёзны інцыдэнт здарыўся гэтымі днямі з іншым сябрам “ліверпульскай чацвёркі”, сэрам Полам Макартні — яго не пусцілі ў клуб на афтэрпаці “Грэмі”, бо ахоўнік не пазнаў знакамітага музыку.