Пранкер Ваван аб размове "Януковіча" і "Лукашэнкі": Трэба патрымаць інтрыгу
У Сеціве сёння з'явіўся запіс тэлефоннай размовы, нібыта, сына экс-прэзідэнта Украіны і чалавека з голасам, падобным на голас кіраўніка Беларусі.
Тэлефонная гутарка працягвалася каля 9 хвілін. "Віктар Януковіч" цікавіўся, ці магчымы пераезд бацькі разам з сямёй з Расіі ў Беларусь? Ён адзначыў, што гэта "запасны план" на той выпадак, калі бацька стане "разменнай манетай у палітычнай гульні". "Лукашэнка" нагадаў пра сваю заяву ў Кіеве, што ніхто не забароніць Януковічу прыехаць у яго родную вёску Янукі ў Докшыцкім раёне.
"Віктар Януковіч-малодшы" паабяцаў падараваць "Аляксандру Лукашэнку" залаты батон. Паводле яго слоў, не ўсё ў рэзідэнцыі разрабавалі, "некаторыя рэчы засталіся"... Гэта "Лукашэнку" развесяліла. Дарэчы, менавіта згадка пра "залаты батон" і навяла на думку, што гэта мог быць розыгрыш.
У расійскіх СМІ з'явілася паведамленне, што Аляксандра Лукашэнку маглі разыграць і зрабіў гэта вядомы расійскі пранкер Ваван. Еўрарадыё звязалася з Ваванам, каб спраўдзіць, ці была ў яго такая гутарка.
Ваван: "Я пакуль не каментую ўсю гэтую гісторыю. Каментары, я думаю, заўтра раніцай будуць, поўныя. Трэба патрымаць інтрыгу. Тым больш, я сам яшчэ не разабраўся цалкам".
Нагадаем, раней пранкер Ваван разыграў крымскага пракурора Наталлю Паклонскую (вядомую ў Сеціве як "няша"), Анастасію Валачкову, колішняга прэм'ера Украіны Мікалая Азарава, спартсмена Аляксандра Паветкіна, украінскага дэпутата-рэгіянала Вадзіма Калеснічэнку ды іншых.
У прэс-службе кіраўніка Беларусі Еўрарадыё атрымаць каментар пакуль не ўдалося. На тэлефанаванні адказваюць толькі "тэхнічныя супрацоўнікі".