Праз татуіроўку ZYVIE BELARUS затрыманы вядоўца святаў
Сілавікі кажуць, што затрыманаму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі, ілюстрацыйнае фота
Сілавікі паведамляюць пра затрыманне вядоўцы святаў. Намякаюць, што на яго напісалі данос "гледачы", якім не спадабалася татуіроўка на руцэ мужчыны — надпіс лацінкай ZYVIE BELARUS на запясці. "Медыязона" высветліла, што затрыманага завуць Павел Пашкевіч.
На відэа мужчына кажа, што браў удзел у пратэстах. Падчас адной з акцый, з яго слоў, зрабіў фота на праезнай частцы, "за што атрымаў артыкул". Акрамя таго ён кажа, што "скідваў у чат-бот "Чорная кніга Беларусі" перамяшчэнні супрацоўнікаў [міліцыі — рэд.]", быў падпісаны на "дэструктыўныя тэлеграм-каналы", але затым адпісаўся. Сілавікі кажуць, што за сувязь з экстрэмістамі і ўдзел у перакрыццях дарог мужчыну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Яны таксама прыстрашылі новымі затрыманнямі — пішуць, што на тэлефоне затрыманага "выяўленыя фота на праезнай частцы з выразна апазнавальнымі асобамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.