Прэм'ер папярэдзіў беларусаў, што давядзецца перажыць "багацце"
Раман Галоўчанка / sb.by
Беларусам бліжэйшым часам давядзецца "перажыць багацце". Пра гэта 7 ліпеня папярэдзіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас паездкі на "Савушкін прадукт".
"Перажылі голад — перажывем і багацце. Гэта значыць, нам цяпер сапраўды трэба перажываць багацце. Таму што разгайдалі магутнасці, і вельмі прыстойныя. Гэта, дарэчы, адно з такіх яркіх дасягненняў у Беларусі за гэтыя гады, мы сёння гэта бачылі на свае вочы", — перадае ўрадавая прэс-служба ягоныя словы.
Галоўчанка пахваліў малочную галіну і заявіў, што ў 98-м годзе малочны камбінат перапрацоўваў 70 тысяч тон малака за суткі, а сёння — 2400-2500 тысяч тон.
Дарэчы, усяго два тыдні таму Галоўчанка рапартаваў Лукашэнку, што на складах ляжыць малочная прадукцыя на 400 мільёнаў долараў, якую немагчыма збыць. На той жа нарадзе Лукашэнка прапанаваў яму сысці ў адстаўку, калі да канца года не будзе планаванага росту эканомікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.