Прэзідэнт ЗША вынес ваенную аперацыю ў Сірыі на ўзгадненне кангрэсу

Паводле спікера Палаты прадстаўнікоў Джона Бенера, галасаванне адбудзецца пасля пачатку сесіі кангрэсу 9 верасня, перадае ВВС.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, чыю прапанову аб ваеннай аперацыі ў Сірыі днямі адхіліў брытанскі парламент, у сваім Твітары напісаў: “Я разумею і падтрымліваю пазіцыю Барака Абамы па Сірыі”.


Кангрэсмены ў сваю чаргу вітаюць рашэнне прэзідэнта, аднак пакуль зусім не зразумела, якую пазіцыю зойме парламент пры галасаванні.



Па словах амерыканскага прэзідэнта, ЗША ажыццявяць ваенную акцыю тады, калі палічаць патрэбным: “заўтра, на наступным тыдні або ў бліжэйшай будучыні”.



“Мы не можам і не станем заплюшчваць вочы на тое, што адбылося ў Сірыі”, — дадаў Абама і патлумачыў, што запланаваная ваенная аперацыя будзе “абмежаванай” і не прадугледжвае наземнай інтэрвенцыі.



Як зноў адзначыў Барак Абама, адказнасць за прымяненне хімічнай зброі пад Дамаскам 21 жніўня ляжыць на ўрадзе Сірыі. Пра гэта кажуць звесткі, якія маюць амерыканскія спецслужбы.



Паводле словаў дзяржсакратара Джона Кэры, ад атрутнага газу там загінулі 1429 чалавек, у тым ліку 426 дзяцей.
Тым часам інспектары ААН, якія расследавалі сцвярджэнні аб прымяненні хімічнай зброі ў Сірыі, у суботу пакінулі краіну.



Сірыйскія ўлады называюць гэтыя сцвярджэнні хлуснёй і ўскладаюць адказнасць за выкарыстанне атрутных рэчываў на паўстанцаў.


 

Расія і Кітай выступаюць супраць уварвання ў Сірыю ў абыход Савету Бяспекі ААН, у якім яны маюць права вета і ўжо двойчы ўжывалі яго для блакавання рэзалюцыяў па Сірыі, прапанаваных заходнімі краінамі.



У Францыі, якую разглядаюць як галоўнага саюзніка ЗША па Сірыі, дадзеныя апытання паказалі, што 64% грамадзян выступаюць супраць уварвання. Пры гэтым і ў ЗША, і ў Францыі прэзідэнт мае права пачаць кароткачасовую ваенную аперацыю, не пытаючыся ўхвалы ў заканадаўцаў.



Прэзідэнт Сірыі Башар Асад раней заявіў, што яго краіна будзе змагацца з “агрэсіяй Захаду”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі