Пуцін пракаментаваў ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу
Уладзімір Пуцін / twitter.com/Kremlinpool_RIA
Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна папрасілі пракаментаваць ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу. Пасля траплення расійскай ракеты ў будынак ГЦ пачаўся пажар. 18 чалавек загінулі, дзясяткі па-ранейшаму лічацца зніклымі без вестак.
"Ды няма там ніякага тэракту", — сказаў Пуцін. Яго словы прыводзіць "Коммерсант". Паводле словаў расійскага прэзідэнта, яго армія наносіць ўдары "па выніках разведаных мэтаў", а ўкраінскія вайскоўцы "размяшчаюць зброю, комплексы РСЗА, артылерыю, цяжкую тэхніку наогул у жылых кварталах, яшчэ дзесьці".
"Упэўнены, што ў гэтым выпадку было ўсё тое ж самае", — сказаў Пуцін. Ён асобна падкрэсліў, што "ні па якіх цывільных аб'ектах расійская армія не наносіць удараў".
Раней Мінабароны Расіі заяўляла, што цэлілася ў ангар, размешчаны побач. Там, паводле іх звестак, была заходняя зброя. А пажар у гандлёвым цэнтры пачаўся праз дэтанацыю боепрыпасаў.
Між тым украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі лічыць, што гэта было не фальшывае трапленне ракет, а пралічаны крок. На месцы трагедыі працягваюць працаваць ратавальнікі. Паводле звестак кіраўніка Палтаўскай адміністрацыі Дзмітрыя Луніна, ад завалаў разабралі каля 80% плошчы ГЦ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.