Пяць рэкордаў выбараў-2015: ад датэрміновай яўкі да вынікаў галасавання

Пяць рэкордаў выбараў-2015: ад датэрміновай яўкі да вынікаў галасавання

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары паставілі адразу некалькі рэкордаў. Самы першы — неверагодна высокая яўка на датэрміновым галасаванні. Па дадзеных ЦВК, з 6 па 10 кастрычніка на выбарчыя ўчасткі прыйшло 36,05% выбаршчыкаў. Для параўнання, у 2010 годзе датэрмінова прагаласавала 23,1%, у 2006 — 31,3%.

“Датэрміновае галасаванне праходзіць па двух сцэнарыях. Першы — калі людзі самі ідуць. Другі — калі ўлады выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс і запрашаюць, прапаноўваюць, пагражаюць праблемамі, каб пайшлі на датэрміновае галасаванне, — разважае эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер. — Але, каб датэрмінова прагаласавала больш за траціну выбаршчыкаў… гэта занадта вялікая лічба! Каб прагаласавала датэрмінова 20%, то гэтаму можна было б паверыць, 20% адпавядалі б рэчаіснасці. А 36%... ну, не магу я паверыць у такую лічбу”.

Яшчэ адзін рэкорд прэзідэнцкіх выбараў 2015 года — 20% галасоў супраць усіх у Мінску. Для параўнання, у 2010 годзе супраць усіх прагаласавала ў два разы меней. Дык што ж так не спадабалася ў сёлетніх кандыдатах жыхарам сталіцы?

“Давайце будзем шчырымі! Гэта не першыя выбары, калі супраць усіх галасуе немалы адсотак людзей, — каментуе кіраўнік штаба Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў. — Гэта таксама прамы вынік палітыкі Лукашэнкі, калі мы бачым на экране тэлевізара толькі аднаго чалавека, а прасторы для іншых палітыкаў няма. Людзі даведваюцца пра гэтых палітыкаў за адзін-два месяцы да выбараў, і тое вельмі абмежавана. Таму рашэнне ў іх простае: “мы ведаем аднаго палітыка, за якога галасаваць не жадаем, а іншых папросту не ведаем”. Таму, каб колькасць галасоў “Супраць усіх” скарачалася, мы мусім больш працаваць з людзьмі у гэты міжвыбарчы перыяд”.

Пятыя выбары прэзідэнта Беларусі ўпершыню прайшлі без масавых пратэстных выступленняў. Было некалькі акцый Статкевіча-Някляева-Лябедзькі ў падтрымку байкоту і стыхійная спроба сустрэцца на плошчы перад Палацам Рэспублікі некалькіх дзясяткаў актыўных маладых людзей, якая скончылася шэсцем да Чырвонага касцёла, няўцямнай малітвай за Беларусь і разыходам пад пільнымі позіркамі людзей у цывільным. Ніхто пасля акцыі не трапіў на суткі. Прынамсі, пакуль.

Сёлетняя выбарчая кампанія праходзіла па новым заканадаўстве, якое не прадугледжвае выдзяленне грошай кандыдатам з дзяржаўнага бюджэту. Таму кожны жадаючы балатавацца ў прэзідэнты мусіў самастойна знаходзіць спонсараў ды сродкі на правядзенне агітацыйнай кампаніі. А адпаведна, сумы на рахунках кандыдатаў былі вельмі нязначнымі і ў выніку гэта была самая танная барацьба за ўсю гісторыю выбараў кіраўніка Беларусі.

“Неяк я пачуў ад аднаго расійскага паліттэхнолага, што ў Расіі на выбары аднаго дэпутата Думы трацяць болей, чым у нас на прэзідэнцкія выбары, — усміхаецца палітолаг Аляксандр Класкоўскі. — Сапраўды, калі паглядзець на лічбы перадвыбарных бюджэтаў кандыдатаў, то яны вартыя жалю. Іншая справа, што гэтыя лічбы маюць ускоснае дачыненне да рэальнасці. Бо і канкурэнты Лукашэнкі наколькі магчыма выкарыстоўваюць, так бы мовіць, незасвечаныя афіцыйна рэсурсы. А з іншага боку, калі казаць пра рэсурсы афіцыйнага кіраўніка, то ўсе разумеюць, што гэты фонд — толькі шырма. Бо ўсе СМІ працавалі на Лукашэнку, і тыя ж каляровыя паштоўкі, што былі ўкінутыя ў паштовыя скрыні, каштавалі больш, чым яго фонд, і гэтак далей”.

Таму, на думку палітолага, гэтыя афіцыйныя фонды і іх абыход ніяк не ўплываюць на вынікі галасавання і будучае развіццё адносін з Захадам. А значыць, можна на іх не звяртаць увагі.

Рэкордным стаў і працэнт, які атрымаў Аляксандр Лукашэнка ― 83,49%. Такой вялікай падтрымкі ў дзеючага кіраўніка краіны не было ніколі. І гэта пры тым, што на думку экспертаў, на сёлетнія выбары Лукашэнка пайшоў не ў самай лепшай форме: здарылася дэвальвацыя, у доларавым эквіваленце знізіліся заробкі, крэдыты не сталі больш даступнымі. Адзіны козыр кіраўніка краіны ― перамовы Нармандскай чацвёркі.

“Як паказвае незалежная сацыялогія, Лукашэнка сапраўды мог бы перамагчы на гэтых выбарах з так званым еўрапейскім вынікам, — каментуе Аляксандр Класкоўскі. — Нават калі б было абсалютна празрыстае галасаванне, то ён усё адно атрымаў бы 55-60% галасоў. Але гэта адразу разбурыла б міф пра народнага прэзідэнта. Пра тое, што ўсе здаровыя сілы грамадства падтрымліваюць мудрага правадыра, і ёсць толькі хіба што купка адмарозкаў”.

Класкоўскі не верыць, што Лукашэнка мог пайсці на памяншэнне колькасці галасоў, зладзіць другі тур, каб толькі зрабіць крок у бок Еўрасаюза.

“Зразумела, што заходнікі ўжо саспелі для кампрамісу. Былі ўжо на гэта намёкі, злівы, што здымуць санкцыі, калі тут не будуць біць па галовах унутраных апанентаў Лукашэнкі і ўсё пройдзе больш-менш спакойна. То бок ЕС прымае гэтую гульню. А вынік… гэта сёння і назіральнікі АБСЕ падкрэслілі, што яны сачылі больш за тэхнічнымі момантамі, а не за арыфметычнымі. Натуральна, яны зафіксавалі парушэнні, непразрыстасць, але канстатавалі пэўны маленькі прагрэс, і гэтага дастаткова, каб працягнуць нармалізацыю стасункаў з Захадам”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі