Расія экстрадзіравала ў Беларусь пратэстоўца Дзмітрыя Падлобнікава
Расія выдала беларускім уладам ўдзельніка пратэстаў Дзмітрыя Падлобнікава, перадаюць праваабаронцы. Паводле папярэдніх звестак, ён ужо знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.
25-гадовага жлобінца вінавацяць у супраціве сілавікам і спробе стукнуць міліцыянта падчас акцыі пратэсту ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Жлобіне. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Жлобінец спрабаваў схавацца ў Расіі, але ў траўні 2021-га яго затрымалі. Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць яго ў Беларусь, аднак расійскія ўлады праігнаравалі гэтае рашэнне.
Пра экстрадыцыю Падлобнікава ў Беларусь стала вядома напярэдадні Новага года. Тады ж кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў заявіў, што ЕСПЧ забараніў выдаваць беларуса на радзіму да 31 студзеня 2022 года. Расійскія праваабаронцы спрабавалі затрымаць яго экстрадыцыю.
"Мы атрымалі 39-е правіла Еўрапейскага суда аб часовых мерах — суд забараніў выдачу да 31 студзеня! Спрабуем да ўсіх дагрукацца, каб улады былі ў курсе, і яго не вывезлі да гэтай даты", — пісаў праваабаронца.
Адвакатка Марыя Красава казала, што экстрадыцыя яе падабароннага адбывалася з сур'ёзнымі парушэннямі.
Таксама з'яўляліся звесткі, што 28 снежня Падлобнікаў затэлефанаваў маці і распавёў, што яму загадалі збіраць рэчы. А ўвечары яго вывезлі з СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.