Размеркаваная выпускніца зарабіла ў музеі 310 тысяч рублёў за месяц
Маладая спецыялістка пасля Універсітэта культуры і мастацтваў размяркоўваецца ў адзін з мінскіх музеяў. Працуе на 0,25 стаўкі і за апошні месяц атрымлівае заробак 310 тысяч рублёў, за 20 працоўных дзён. Гэта ў 5,5 раза менш за пражытковы мінімум і ў 7 разоў менш за мінімальны заробак, які цяпер складае два мільёны сто тысяч.
"Я там працую толькі 2 гадзіны, каб я працавала ўсе восем, заробак быў бы ўсё адно не вельмі вялікі. І даводзілася б ездзіць па школах і чытаць лекцыі. Па спецыяльнасці я культуролаг-даследчык. Калі размяркоўвалі, я хацела застацца ў Мінску, а сама з Магілёўскай вобласці. І мне пашанцавала, засталася. Я сама туды хацела", ― распавядае маладая спецыялістка. У музеі ёй засталося працаваць паўгода.
За 310 тысяч ёй трэба здымаць жыллё ў Мінску і харчавацца. І нават калі б маладая спецыялістка працавала на поўную стаўку, мела б 1,5 мільёна чыстага акладу плюс прэміі. Нават на аплату кватэры не хопіць.
"Мне дапамагае мама, таксама здараюцца разавыя падпрацоўкі. Але гэта не заўжды. Жыллё я здымаю на палову з сяброўкай. Плачу 3 мільёны. За верасень мне не далі ніякай прэміі, таму атрымаўся такі заробак. У траўні, з прэміямі выходзіла пад мільён, а ў астатнія месяцы — каля 600 тысяч", ― падлічвае свае даходы дзяўчына.
У яе музеі працуюць, у асноўным, па размеркаванні. Таксама ёсць замужнія жанчыны, якіх забяспечвае другая палова, а праца ― для задавальнення.
"У нас амаль усе па размеркаванні. Інакш жа немагчыма. Ёсць яшчэ жанчыны, у якіх мужы добра зарабляюць. Некаторыя не дапрацоўваюць два гады ― сыходзяць, пераразмяркоўваюцца".
Заробкі ў мінскіх музеях.
Нацыянальны гістарычны музей плаціць сваім маладым спецыялістам мінімальны заробак ― 2,1 мільёна. Музей гісторыі беларускай літаратуры ― столькі ж. У яго цяпер уваходзіць музей Максіма Багдановіча і музей Петруся Броўкі. У Музеі імя Якуба Коласа маладыя спецыялісты пасля размеркавання жывуць за 2,5 мільёны з поўнай стаўкай.