Абама: Сёння я поўны надзеяў, бо пабачыў, як абудзіўся дух Амерыкі

Прэзідэнт Барак Абама: Дзякуй. Дзякуй. Вялікі дзякуй.

Сёння, болей чым праз 200 гадоў пасля таго, як былая калонія заваявала права вызначаць свой уласны лёс, мы зрабілі яшчэ адзін крок наперад ва ўдасканаленні нашага саюзу.

Мы рухаемся наперад дзякуючы вам. Дзякуючы таму, што вы падтрымалі дух, які перамог вайну і дэпрэсію, дух, які падымаў нашую краіну з глыбіняў роспачы да вялікіх вышыняў надзеі. Вы падтрымалі веру ў тое, што хаця кожны з нас імкнецца да рэалізацыі ўласнай асабістай мары, мы ўсе — амерыканская сям'я, якая перажывае ўзлёты і падзенні разам, як адзіная нацыя, як адзін народ.

Сёння, падчас гэтых выбараў, вы, наш народ, нагадалі ўсім нам пра тое, што хаця наш шлях быў доўгім і нялёгкім, мы ўсё—ткі змаглі сабрацца і павярнуць ход падзеяў.  І мы адчуваем усім сэрцам, што для Злучаных Штатаў Амерыкі найлепшае яшчэ наперадзе.

Я хачу падзякаваць усім амерыканцам, якія ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. Тым, хто галасаваў першы раз і тым, хто доўга стаяў у чарзе — дарэчы, апошняе нам трэба направіць. Тым, хто збіраў грошы і тым, хто не адкладваў тэлефонную трубку — няважна, каго вы падтрымлівалі, Абаму ці Ромні, вы дамагліся таго, каб ваш голас пачулі і вашыя дзеянні прынеслі вынік.

Я толькі што размаўляў з губернатарам Ромні і павіншаваў яго і Пола Раяна з іх актыўнай кампаніяй. Падчас яе мы горача спрачаліся, але толькі таму, што мы любім нашую краіну і нам вельмі неабыякавая яе будучыня. Ад Джорджа і Леноры і да іх сына Мітта — сям'я Ромні заўсёды адплочвала Амерыцы службай на карысць дзяржавы. І гэта — спадчына, якой мы сёння ганарымся і якой апладзіруем. У найбліжэйшыя тыдні я збіраюся абмеркаваць з губернатарам Ромні, над чым мы можам папрацаваць разам, каб прасунуць нашую краіну наперад яшчэ болей.

Я хачу падзякаваць майму сябру і партнёру, амерыканскаму "шчасліваму ваяру", найлепшаму віцэ-прэзідэнту, якога хтокольвек мог бы мець, — Джо Байдэну.

І канешне ж, я не быў бы тым, кім я ёсць зараз, без жанчыны, якая 20 год таму пагадзілася выйсці за мяне замуж. Я хачу заявіць пра гэта публічна: Мішэль, я кахаю цябе зараз мацней чым калі—кольвек раней. Я ніколі не гонарыўся табой болей, чым зараз, калі я пабачыў, як уся астатняя Амерыка таксама закахалася ў цябе — першую даму нашай краіны.

Саша і Малія — вы расцеце ў нас на вачах, пераўтвараючыся ў дзвюх моцных, разумных, прыгожых жанчын, такіх як вашая мама. Я так вамі ганаруся. Але я б хацеў дадаць, што пакуль што хопіць з вас і аднаго сабакі.

Давайце падтрымаем найлепшую каманду і валанцёраў прэзідэнцкай кампаніі за ўсю палітычную гісторыю краіны — найлепшых з найлепшых: некаторыя з вас былі навічкамі, некаторыя  на маім баку ад самога пачатку.

Усе вы — адна сям'я. Няважна, куды вы пойдзеце пасля гэтай сустрэчы, — вы будзеце памятаць пра гісторыю, якую мы стварылі разам. І вы атрымалі пажыццёвую падзяку ад удзячнага прэзідэнта. Дзякую, што вы верылі ў мяне ўвесь гэты час — на ўздымах і падзеннях. Вы падтрымлівалі мяне, і я заўсёды буду ўдзячны вам за ўсё тое, што вы зрабілі, за ўсю тую неверагодную працу, якую вы выканалі.

Я ведаю, што часам палітычныя кампаніі здаюцца падзеяй другаснай важнасці, нечым недарэчным. І гэта дае шмат прасторы цынікам, якія кажуць нам, што палітыка — гэта не болей чым спаборніцтва асобаў, або што гэта сфера, якая служыць пэўным вузкім інтарэсам. Аднак калі б у вас была магчымасць паразмаўляць з людзьмі, якія прыходзілі на нашыя сустрэчы і стаялі ўздоўж агароджваючых ліній у спортзалах,  або калі б вы бачылі людзей, якія да позняй гадзіны працавалі ў офісах нашай кампаніі ў невялічкіх акрузе далёка ад дома, вы б адкрылі для сябе нешта суцэльна іншае.

Вы б пачулі рашучасць у голасе маладога чалавека, які працаваў з намі, які сканчвае коледж і які хоча, каб такія ж магчымасці былі ў кожнага дзіцяці. Вы б пачулі гонар у голасе валанцёркі, якая абыходзіла дамы ад дзвярэй да дзвярэй, бо яе брата нарэшце прынялі на працу, калі мясцовы завод па вытворчасці аўтамабіляў стаў здольны адкрыць дадатковую змену.

Вы пачулі б глыбокі патрыятызм у голасе жонкі ваеннага, якая абзвоньвала людзей штодзень да позняй ночы, каб мець пэўнасць, што нікому з тых, хто зараз змагаецца за гэтую краіну, не прыйдзецца змагацца за месца працы або за дах над галавой, калі яны  вернуцца дадому.

Вось чаму мы гэтым займаемся. Вось якой можа быць палітыка. І вось чаму выбары — гэта важна. Гэта не другаснае пытанне. Гэта важна. Дэмакратыя ў 300—міліённай краіне можа быць шумнай, неўладкаванай і складанай. У нас усіх розныя думкі. У кожнага — свае глыбокія перакананні. І калі мы перажываем цяжкія часы, калі мы прымаем важныя рашэнні разам, як адзін край, гэта непазбежна распальвае жарсці і нязгоду. Гэта не зменіцца пасля сённяшняга дня. І не павінна змяніцца. Спрэчкі, якія мы вядзем — гэта прыкмета нашай свабоды, і мы ні за што не павінныя забываць, што ў момант нашай з вамі сустрэчы — зараз — людзі ў далёкіх краінах рызыкуюць уласным жыццём дзеля шанцу спрачацца пра рэчы, якія іх хвалююць — шанцу залічыць свой голас так, як мы зрабілі гэта сёння.

Аднак нягледзячы на ўсе адрозненні паміж намі, большасць з нас падзяляе надзею на лепшую будучыню Амерыкі.

Мы хочам, каб нашыя дзеці раслі ў краіне, якая дасць ім доступ да лепшых школ і настаўнікаў. У краіне, якая дастойная сваёй спадчыны як сусветнага лідэра ў тэхналогіі, навуковых адкрыццях і інавацыі — з новымі добрымі месцамі працы і магчымасцямі для вядзення бізнесу.

Мы хочам, каб нашыя дзеці жылі ў Амерыцы, якую не абцяжарваюць ніякія пазыкі, якую не аслабляе няроўнасць і якой не пагражае дэструктыўная сіла глабальнага пацяплення.

Мы хочам перадаць у спадчыну краіну, у якой будзе бяспечна жыць, якая будзе выклікаць павагу і захапленне ва ўсім свеце, дзяржаву, якую будзе абараняць наймацнешая армія і найлепшыя вайскоўцы, якіх толькі ведае гэты свет, але ў той жа час — дзяржаву, якая зможа ўпэўнена перайсці ад часоў вайны да фарміравання міру, які будзе заснаваны на свабодзе і павазе да кожнай чалавечай істоты.

Мы верым у вялікадушную Амерыку, у Амерыку, здольную да суперажывання, у талерантную Амерыку. Амерыку, якая адкрытая да рэалізацыі мараў дачкі імігранта, якая вучыцца ў нашай школе і прысягае нашаму сцягу,  або хлопчыка з поўдня Чыкага, які бачыць свет шырэйшым за бліжэйшае наваколле, або дзіцяці майстра па  мэблі з Паўночнай Караліны, якое хоча стаць урачом, або навукоўцам, або інжынерам, або прадпрымальнікам, або дыпламатам, або нават прэзідэнтам.

Гэта — будучыня, на якую мы спадзяемся.

Гэта — агульнае бачанне, якое мы падзяляем. Гэта  — тое, куды нам трэба рухацца — наперад. Гэта — тое, куды нам трэба дайсці.
Канешне, мы будзем не пагаджацца, часам вельмі моцна, наконт таго, як дасягнуць гэтай мэты. Як і цягам двух папярэдніх стагоддзяў, прагрэс прыйдзе шляхам спробаў і памылак. Ён не заўсёды лінейны. І шлях — не заўсёды гладкі. Само ўсведамленне таго, што мы маем агульны надзеі і мары, не вывядзе нас з усіх тупікоў, не вырашыць усе нашыя праблемы і не заменіць сабой цяжкай працы па пабудове кансэнсуса і дасягненні нялёгкіх кампрамісаў, неабходных для таго, каб нашая краіна рухалася наперад.

Аднак мы павінныя пачаць менавіта з гэтай агульнай сувязі паміж намі. Нашая эканоміка аднаўляецца. Дзесяцігоддзе вайны падыходзіць да канца. Доўгая кампанія скончылася. І паверце, незалежна ад таго, ці атрымаў я ваш голас, ці не, я да вас прыслухоўваўся. Я вучыўся ад вас. І менавіта вы зрабілі мяне лепшым прэзідэнтам. Вашыя гісторыі, вашыя праблемы прывялі да таго, што я вярнуўся ў Белы Дом яшчэ болей мэтаскіраваным і болей натхнённым чым раней на цяжкую працу па дасягненні нашага агульнага будучага.

Сёння вы прагаласавалі не за звычайную палітыку, а за канкрэтныя дзеянні. Вы выбралі нас, каб мы займаліся вашым працаўладкаваннем, а не нашым.

У найбліжэйшыя тыдні і месяцы я збіраюся скантактавацца і працаваць з лідэрамі абедзьвух партый над тымі пытаннямі, вырашыць якія мы можам толькі разам — змяншэннем нашага дэфіцыту, рэформай нашага падаткавага кодэксу, выпраўленнем нашай іміграцыйнай сістэмы, вызваленнем нас ад залежнасці ад замежнай нафты. Нам яшчэ шмат што трэба зрабіць.

Аднак гэта не абазначае, што вы са свайго боку ўжо ўсё зрабілі. У нашай дэмакратычнай сістэме роля грамадзян не сканчваецца галасаваннем. Амерыка ніколі не была краінай, дзе нехта нешта нам павінны; яна была краінай, у якой мы ўсё нешта робім разам, шляхай цяжкай, часам няўдзячнай працы — шляхам самакіравання. Гэта прынцып, на якім заснаваная нашая дзяржава.

Нашая краіна багацейшая за ўсіх у свеце, але гэта не робіць нас багатымі. У нас наймацнейшая армія ў гісторыі, але не гэта робіць нас моцнымі. Нашая вышэйшая школа, нашая культура — аб'екты зайдзрасці ўсяго свету, але не гэта пабуджае людзей з усяго свету імкнуцца да нас. Выключнай Амерыку робяць тыя сувязі, якія ўтрымліваюць разам найболей разнастайную нацыю на Зямлі, вера ў наш агульны лёс — і ў тое, што гэтая краіна зможа існаваць толькі тады, калі мы прымем на сябе пэўныя абавязкі перад сабой і перад будучымі пакаленнямі, каб тая свабода, за якую змагалася і за якую загінула столькі амерыканцаў, суправаджалася абавязкамі і правамі, сярод якіх — любоў і дабрачыннасць, адказнасць і патрыятызм. Менавіта гэта робіць Амерыку вялікай.

Сёння я поўны надзеяў, бо я пабачыў, як абудзіўся дух Амерыкі. Я бачыў яго ў сямейным бізнэсе, удалальнікі якога гатовыя былі панізіць сабе заробкі, але не звальняць сваіх суседзяў, і ў тых рабочых, якія пагаджаліся працаваць меней гадзін у дзень, каб іх сябры не згубілі працу. Я бачыў яго ў салдатах, якія ізноў ішлі служыць пасля таго, як згубілі нагу ці руку, і ў "марскіх коціках", якія ўзбіраліся па лесвіцы ў цемру і небяспеку, бо яны ведалі, што іх надзейна страхуе іх таварыш. Я бачыў яго на ўзбярэжжы Нью Джэрсі і Нью—Ёрка, дзе лідэры ўсіх партый і ўсіх узроўняў улады адкінулі ўбок свае супярэчнасці, каб дапамагчы грамадству перанесці наступствы жудаснага шторму.

Я бачыў гэты дух літаральна на днях у мястэчку Мэнтар у штаце Агайё, дзе адзін бацька распавёў мне гісторыю барацьбы сваёй 8—гадовай дачкі з лейкеміяй. Гэтая барацьба ледзь не адняла ў сям'і літаральна ўсё, што тая мела, бо калі б не рэформа сістэмы аховы здароўя, якая прайшла некалькі месяцаў таму, страхавая кампанія спыніла б аплату лячэння гэтай дзяўчынкі. Я меў магчымасць не толькі паразмаўляць з гэтым бацькам, але і сустрэцца з ягонай цудоўнай дачкой. Калі ён звяртаўся да сабрання, якое слухала ягоную гісторыю, кожны з бацькоў у тым пакоі меў слёзы на вачах — бо мы ўсе разумелі, што гэтая дзяўчынка магла б быць дачкой любога з нас.

І я ведаю, што ўсе амерыканцы жадаюць, каб іх будучыня была светлай. Вось хто мы такія. Вось яна —  краіна, быць прэзідэнтам якой я ганаруся.

І сёння, нягледзячы на ўсе цяжкасці, праз якія мы прайшлі, нягледячы на ўсе праблемы ў Вашынгтоне, я як маю вялікую надзею на лепшую будучыню. Гэтая надзея моцная як ніколі. І я прашу вас падтрымаць гэтую надзею.

Голас з натоўпу: Мы з Вамі, спадар прэзідэнт!

Прэзідэнт Абама: Я не маю на ўвазе сляпы аптымізм, ці такую надзею, якая ігнаруе велізарны аб'ём задач перад намі і перашкоды, якія стаяць на нашым шляху. Я не заклікаю прымаць жаданае за сапраўднае альбо сядзець на абочыне ці ўхіляцца ад барацьбы. Я заўсёды быў перакананы, што надзея — гэта тое ўпартае пачуццё ўнутры нас, якое настойвае, нягледзячы на ўсе аргументы на карысць іншай думкі, на тым, што нас чакае нешта лепшае — калі толькі ў нас хопіць мужнасці працягваць спрабаваць, працягваць працаваць, працягваць змагацца.

Амерыка, я веру ў тое, што мы можам абаперціся на прагрэс, якога мы дасягнулі, і працягваць змагацца за новыя працоўныя месцы і новыя магчымасці, а таксама новы ўзровень абароны для сярэдняга класу. Я веру, што мы можам стрымаць абяцанне, якое ляжыць у аснове нашага краю, — абяцанне, што калі нехта гатовы цяжка працаваць, то няважна, кім ён з'яўляецца і адкуль ён паходзіць, як ён ці яна выглядаюць ці каго ён кахае. Няважна, ці ты чорны, ці белы, ці лаціна, ці азіят, ці індзеец, ці ты малады, ці стары, ці багаты, ці бедны, ці паўнаспраўны, ці непаўнаспраўны, ці ты гей, ці ты "натурал". Вы ўсе можаце дасягнуць нечага ў Амерыцы, калі толькі паспрабуеце.

Я веру, што мы можам дасягнуць гэтай будучыні разам, таму што мы не так моцна падзеленыя, як сцвярджаюць нашыя палітыкі. Мы не такія цынічныя, як сцвярджаюць разнастайныя эксперты. Мы больш, чым сума нашых персанальных амбіцый і мы больш, чым проста набор чырвоных і блакітных штатаў. Мы ёсць і назаўсёды застанемся Злучанымі Штатамі Амерыкі.

І ўсе разам, з вашай дапамогай і Божай ласкай, мы працягнем наш шлях наперад і нагадаем свету, чаму менавіта мы з'яўляемся самым велічным краем на Зямлі.  Дзякуй, Амерыка. Няхай блаславіць цябе Бог. Няхай Бог блаславіць Злучаныя Штаты.


Фота — forum.hdtracker.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі