“Адкіды ад АЭС — праблема заказчыка, а не таго, хто будуе станцыю”

111215 Nasta AES.mp3

Расія і Беларусь ратыфікавалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Беларусі. Але, пачытаўшы пагадненне, Еўрарадыё нічога не знайшло там ні пра адкіды, ні пра тое, чыя ж гэта будзе АЭС.


Пытанне адкідаў будзе рэгулявацца асобным дакументам, тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік дэпартаменту па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Мікалай Груша. І гэта — справа выключна Беларусі.


Мікалай Груша: “Адкіды — гэта справа заказчыка. Ён будзе сам вызначаць, што рабіць далей з радыеактыўнымі адкідамі. Гэта не расійскага боку праблема. Гэта праблема заказчыка, а не таго, хто будуе АЭС”.


Раней ішла размова пра магчымасць вывазу радыеактыўных адкідаў з Беларусі ў Расію. Але гэта супярэчыць расійскаму заканадаўству, кажа расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі:


“Яшчэ на скандальных слуханнях у Астраўцы прадстаўнік “Росатама” заявіў, што Расія не будзе займацца беларускімі адкідамі. Гэта забаронена законам”.


Паводле словаў Мікалая Грушы, умовы захоўвання і перапрацоўкі радыеактыўных адкідаў вызначаць пазней, перад падпісаннем генеральнага кантракта. Адзінае, што вернецца ў Расію, — адпрацаванае паліва.


Расійскі бок абавязваецца пастаўляць і забіраць адпрацаванае ядзернае паліва.


“Адпрацаванае ў рэактарах энергаблокаў АЭС ядзернае паліва, якое набылі ў расійскіх выконваючых арганізацый, належыць вяртанню ў Расійскую Федэрацыю для перапрацоўкі на ўмовах, якія вызначаюць бакі ў асобнай дамове”, — гаворыцца ў пагадненні.


Еўрарадыё звярнула ўвагу таксама на тое, што ў тэксце пагаднення нідзе не прапісана, чыя гэта будзе электрастанцыя! Тут мы засумняваліся… Бо ўсё, што сказана, — гэта тое, што АЭС будзе пабудавана “на тэрыторыі Беларусі”. Мікалай Груша супакойвае:


“У адпаведнасці з заканадаўствам, усё, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, належыць нам. Гэта адназначна. Гэта не расійская ўласнасць”.


Еўрарадыё: “Але ж і газаправод Ямал-Еўропа таксама праходзіць па тэрыторыі Беларусі!”


Груша: “Там былі пэўныя перамовы паміж "Белтрансгазам" і "Газпромам". Гэта абсалютна іншая сітуацыя… Ніякіх сумневаў у тым, што гэта будзе наша АЭС, няма”.

Нагадаю, першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў дзеянне ў 2017 годзе, другі блок — у 2018 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі