Афрыка [6]: У госці да Караля Льва!
Аказваецца, у натуральных умовах дзікія жывёлы не толькі выглядаюць, але і пачуваюцца шчаслівей! Скіруемся ў джунглі, у прыродны парк Пілансберг на поўначы ПАР.
Дарога заняла дзве гадзіны ад Ёханэсбурга: Google Maps паказваў, што мы кіруемся да вялікага круглага зялёнага кавалка тэрыторыі на мапе Паўднёвай Афрыкі — нацыянальнага прыроднага парка Пілансберг, чацвёртага па велічыні ў краіне. Самы вялікі — парк Кругер — знаходзіцца ў 250 км ад Ёханэсбурга і, як нам адразу сказалі, тэрыторыя такая агромністая, што можна не толькі не пабачыць жывёлаў, але і не паспець праехаць ад краю да краю за абмежаваны час.
Выехалі на світанні. Вось такія краявіды былі за акном нашай машыны.
З'явіліся горы і характэрныя "мульцяшныя" дрэвы, уласцівыя джунглям.
Каля ўезду ў парк мы заплацілі сімвалічныя грошы і паехалі на вялікім старым грузавічку, які, падавалася, дыхае на ладан, бо ехаў ён з вельмі дзіўным гукам: то заводзіўся, то спыняўся. Але не: гэта рабілася спецыяльна для таго, каб не пужаць жывёлаў. Як толькі бачылі кагосьці — кіроўца адразу глушыў рухавік. Наш гід быў з сапраўднай вінтоўкай: кажа, будзем спадзявацца, што леў блізка не падыдзе.
Перад стартам мы ўсе распісаліся ў спецыяльным журнале: маўляў, калі вас з'есць леў, мы тут ні пры чым :) Сказалі размаўляць вельмі ціха і пры набліжэнні да жывёлаў замаўкаць.
Спачатку мы пабачылі пару антылоп ля возера. Але ўжо праз пару хвілін мы заўважылі… сапраўднага слана!
Далей усё падарожжа выглядала на нейкую гульню: хто першы разгледзіць жывёлу, хто разгледзіць увогуле, а яшчэ — хто прыгажэй здыме. Выйгравалі прызвычаеныя да небяспекі егіпцяне і тунісцы, а таксама тыя, у каго быў лепей зум!
Няма чаго каментаваць кожную жывёлу: глядзіце самі! Мы пабачылі антылопаў, якія тусаваліся цэлымі статкамі і паасобку, таксама жырафаў (нават так блізка, што маглі заўважыць, якія ў іх даўгія вейкі!), розных птушак, гіпапатамаў у вадзе, зебраў. Дарэчы, памятаеце Марці з "Мадагаскара" — як ён матляў хвосцікам туды-сюды, калі быў шчаслівы? Дык вось: зебры сапраўды так матляюць хвосцікамі! Гэта нерэальна міла!
Нам насамрэч пашанцавала: хітом паездкі стаў… леў! Ён адпачываў у ценю пад дрэвам. Мы былі на вялікай адлегласці, разам з намі спыніліся яшчэ машыны чатыры і ўсе гіды адно аднаму казалі: "Леў! Заўважаны леў!" — і давалі каардынаты. Сапраўдны квэст!
Ну і напрыканцы прымецілі цэлы статак сланоў! Яны прыйшлі пааблівацца вадой ды папіць: на двары было +30!
Працяг будзе...