Афрыка [3]: Ва ўнівер... без іспытаў!
Праблемы студэнтаў Паўднёвай Афрыкі мала чым адрозніваюцца ад праблем нашых студэнтаў. Канешне, апроч таго, што ў Афрыцы 30% маладых людзей - хворыя на СНІД...
Ва ўніверах Паўднёвай Афрыкі няма ўступных іспытаў: на вучобу залічваюць паводле адзнакаў з атэстата. Адзнакі ў школах выстаўляюць не па балах, а ў адсотках, то бок нашая "10" - гэта іх "100%", і апошнія гады ў школе як правіла вельмі цяжкія. У іх 7 прадметаў: ангельская, афрыкаанс, асновы бяспекі жыццядзейнасці і матэматыка, яшчэ тры прадметы школьнік выбірае сам, у залежнасці ад профілю.
У склад Універсітэта Ёханэсбурга ўваходзіць тры былыя ўніверсітэты: Вітвотэрсрэнд (існаваў з 1922 года), Рэнд Афрыкаанз (з 1966 г.) і ўніверсітэт Віста (уключна з тэхналагічным і педагагічным каледжамі, пераважна для чорных). Зараз гэта вялікі мультыкультурны кампус, тут вучацца студэнты з больш як 50 краінаў.
Мне вельмі спадабалася, як рэкламуецца Універсітэт Ёханэсбурга на бігбордах гораду. Вось, паглядзіце. Галоўны слоган: "Будзь кім захочаш!".
Пераважная большасць студэнтаў — чарнаскурыя. А белыя тусуюцца з белымі. Сегрэгацыя нашага стагоддзя…
Гэта адна з кавярняў на тэрыторыі кампуса.
Студэнты ходзяць па кампусе з парасонамі, хаваюцца ад сонца: на двары нашая сярэдзіна лютага — іхні разгар жніўня, +32.
На прыступках аднаго з карпусоў нехта прадае свае старыя падручнікі.
У адным з будынкаў кампуса замест простай сталоўкі, як у нас, цэлы калейдаскоп розных "хутка-смачна": бургерныя, піцэрыі, і нават сушы-ту-гоў.
Нехта, праўда, усё роўна па-хуліганску есць і смеціць проста за сваім вучэбным корпусам. Эх, няма на іх аховы БДУшнага кампуса!
Але тут клапоцяцца пра экалогію.
Ва ўніверсітэцкім дворыку ўжо паціху надыходзіць восень…
Таксама тут дбаюць пра здароўе: на Дзень Святога Валянціна прапанавана бясплатна прайсці тэсты на ІПШ/ВІЧ/СНІД.
А вось гэта — студэнцкі інтэрнат. Тут асобна жывуць хлопцы і дзяўчаты. Гэты будынак — жаночы.
Сцягі ўніверсітэта і ПАР.
А вось цікава, звярніце ўвагу на стаяначку: гэта ўсё аўто нябедных студэнтаў!
… А гэта — прыпынак для нармальных студэнтаў: аўтобус адвозіць моладзь пасля вучобы ў цэнтр гораду і ў прыгарады.
Дарэчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, апошнія гады Ёханэсбург стаў горадам з самым высокім адсоткам людзей з вышэйшай адукацыяй сярод усяго чорнага насельніцтва Паўднёвай Афрыкі.
Працяг будзе...