Беларусь не можа прадаць алкаголь, трактары і самазвалы

130426_savich_sklady.mp3

“Гэта тая трывожная тэндэнцыя, пра якую ўсе гавораць і якая намецілася прагрэсіруючым чынам. Ад пачатку года болей за 10 трыльёнаў рублёў было пакладзена на склад, агульная сума складае болей за 32 трыльёнаў рублёў", — нават намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка публічна кажа пра праблему са складамі. Але на складах не рублі, а долары ды іншая валюта. Паводле слоў чыноўніка, эфект ад дэвальвацыі скончыўся, таму такая праблема.

Беларускія тавары ніякіх пераваг па коштах не маюць, таму трэба думаць пра якасць беларускіх тавараў, — заўважае Ярашэнка. Найменш месцаў застаецца  на складах прадпрыемстваў машынабудаўніцтва. Тут не могуць прадаць запасы аўтобусаў, грузавікоў і кар’ерных самазвалаў.

Але нават такі значны рост складскіх запасаў для Мінэканомікі — не крытычны, супакойвае сябе гэта ведамства:

"68% да сярэднемесячнай вытворчасці — гэта перавышэнне нарматыва на 17%".

 

На пытанне, што рабіць Брэсцкаму электрамеханічнаму заводу з сваімі 11337% прадукцыі на складах, намміністра разводзіць рукамі:

"Няхай кіраўніцтва Брэста падумае, што ім рабіць".

 

На Брэсцкім заводзе кажуць, што працавалі наперад, каб выканаць заданне вобласці.

“Прадукцыя сезонная, хвалявацца няма чаго. Мы ж не можам зараз выканаць некалькі соцень прыбораў, мы трошкі накопліваем”, — кажуць на заводзе, дзе прадукцыі столькі, што можна год не працаваць.

Цікава, што і алкаголь, на думку супрацоўнікаў Брэсцкага “Белалка”, прадукцыя сезонная — на святы ў студзені не куплялі, таму і прадукцыя сабралася на складах.

Плануюць разгрузіцца цягам лета.

“Сезонная прадукцыя на гарэлку? На ваду ёсць, але на алкаголь...На святы звычайна купляюць”, — здзіўляюцца сезоннасці продажы алкаголю ў вінна-гарэлачнай краме “Прыдзвінне”.

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што такія складскія запасы — мёртвы капітал.

“Гэта тавары, якія не патрэбны. Людзі працавалі, выдаткавалі крэдыты, што ўзялі пад 40-50%, выдаткавалі час, энергію, заплацілі заробкі, а гэта не трэба! У любой эканомікі такія прадпрыемства пераводзяць у рэжым спынення, адбываюцца масавыя звальненні. Гэта ў цэлым вельмі пагаршае агульнае эканамічнае становішча краіны”.

Эканаміст дае канкрэтныя парады.

“Прадпрыемства ў гэтым выпадку звычайна распрадае прадукцыю па максімальна магчымым нізкім кошце, звальняе маркетынгавы аддзел. Але ўзнікае іншае пытанне: навошта выпускалі, сябры? Бо гналіся за пастаўленай задачай ў росце ВУП да 8%. А калі гналіся, значыць дарма ім такое заданне давалі. А гэта ўжо значыць, што пара адправіць кіраўніцтва ў адпачынак”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі