Беларускія лекары з’язджаюць у Маскву па заробак у 1300 долараў
А дактарам у Эстоніі не хапае 1390 еўра за месяц.
Эстонскія лекары аб’явілі забастоўку. Саюз лекараў Эстоніі настойвае, каб заробкі павялічылі на 20 адсоткаў, а для медыцынскіх сёстраў і санітарак — на 40 адсоткаў. Яшчэ эстонскія лекары не задаволеныя вялікай нагрузкай.
“Вельмі шмат лекараў і медсёстраў едуць працаваць за мяжу. Асабліва ў Скандынаўскія краіны, Фінляндыю, дзе ў некалькі разоў большыя заробкі. Павялічваецца нагрузка на тых лекараў, якія засталіся. А таксама не задаволеныя заробкамі. Мы ўжо не здольныя працаваць так, каб захаваць якасць медычнай дапамогі, якая вельмі важная ў нашай сферы”, — тлумачыць Еўрарадыё сутнасць прэтэнзій Андрэас Лэйтхнет, ён працуе псіхіятрам у адным з талінскіх шпіталяў.
За 2011 год сярэдні заробак лекара ў Эстоніі склаў 1391 еўра. За жнівень 2012 года сярэдні заробак лекара 2-га гарадскога шпіталя Мінска быў каля 645 долараў. Але, на думку Андрэаса Лэйтхнета, не ўсё так проста.
Андрэас Лэйтхнет: “Трэба ўлічваць сітуацыю. У нас зараз вакол краіны, дзе медпрацаўнікам плацяць больш. Калі Эстонія ўступіла ў ЕС, у нас стала вольнае перамяшчэнне працоўнай сілы. А Эстонія — маленькая краіна. Мы мусім клапаціцца пра тых, хто застанецца працаваць у Эстоніі. Таму патрабуем, каб у нас заробак падняўся. Хай сабе не адразу, але каб быў рух у правільны бок”.
Як у Эстоніі, так і ў Беларусі з-за недахопу кадраў шмат хто з дактароў вымушаны працаваць на паўтары ці дзве стаўкі.
“Таму ж хірургу трэба адпрацаваць не 40 гадзін на тыдзень, каб атрымаць свае 6 мільёнаў рублёў, а 52 гадзіны ці 60. Адпаведна, прасцей, напрыклад, уладкавацца ўпакоўшчыкам у "Еўраопт" .Зараз ідзе рэклама: ад 4 да 6 мільёнаў. І пакаваць сабе, не мець адказнасці. І вучыцца столькі не трэба. Плюс не трэба набываць сабе халат, вопратку альбо фанендаскоп, бо гэта нічога не даецца”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі адзін з мінскіх лекараў.
Спецыяліст кажа, што зараз беларускіх лекараў ахвотна бяруць на працу ў Расію. Напрыклад, у той жа Маскве, у аддзяленні рэанімацыі нованароджаных прапануюць 1300 долараў на самым пачатку — удвая больш, чым у Беларусі.
Толькі вось беларускія лекары, у адрозненне ад сваіх эстонскіх калегаў не бастуюць. Лекары гавораць, гэта таму, што не бастуюць… бібліятэкары:
“А чаму не бастуюць беларускія настаўнікі? Чаму не бастуюць беларускія бібліятэкары? А куды ты пасля пойдзеш працаваць?”
Еўрарадыё пацікавілася ў Беларускім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя, ці звяртаўся хто-небудзь са скаргамі на нізкі заробак альбо дрэнныя ўмовы працы. Ніводнай (!) скаргі за апошнія пару гадоў прыгадаць не могуць.
Прафсаюз работнікаў аховы здароўя: “І прафсаюз, і Міністэрства аховы здароўя працуюць пастаянна над пытаннем удасканалення сістэмы аплаты медычных работнікаў. А канкрэтных зваротаў — ні медыкаў, ні працоўных калектываў — не было”.
Тым часам у Эстоніі спадзяюцца, што хопіць толькі аднаго тыдня забастоўкі.
Фота: gazeta.a42.ru