Drum Ecstasy сталі папсой, каб пабачыцца з фанатамі

Інфармацыя пра бясплатны канцэрт Drum Ecstasy на Кастрычніцкай плошчы праляцела па сацыяльных сетках пад шыльдай “Проста канцэрт Drum Ecstasy”.

“Якім чынам? На Кастрычніцкай?” – пыталіся людзі і не верылі да апошняга, што гэта праўда. Справа ў тым, што месца, дзе мусіў быць канцэрт – з “рэпутацыяй”. Там звычайна праходзяць поп-дыскатэкі ОНТ, ладзяцца пашлаватыя конкурсы і публіка нярэдка не зусім цвярозая.

“Тут адбываецца такое, што не ўпісваецца ні ў якія рамкі, – распавеў Еўрарадыё супрацоўнік Палацу Рэспублікі Альфрэд. – А Drum Ecstasy - каманда прафесійная, таму яны ўпісваюцца пад усё”.

Музыкаў іх прысутнасць на такой пляцоўцы не збянтэжыла:

“Мы проста вырашылі, што вельмі даўно нікога не бачылі, бо ўвесь час граем на нейкіх карпаратывах, – патлумачыў Еўрарадыё пасля канцэрту Філіп Чмыр, лідар Drum Ecstasy. – Нас публіка не бачыць зусім, і калі ОНТ прапанавала нам сыграць – мы з задавальненнем пагадзіліся”.

Наконт поп-фармату Філіп Чмыр нават пажартаваў: “Мы ж, не тое слова, якая папса! Проста ніхто гэтага яшчэ не зразумеў!”

Тым не менш, людзям, якія мэтанакіравана прыйшлі на канцэрт, было не ўсё роўна:

“Усе адэкватныя знаёмыя хаваліся за сцэнай, – падзялілася з Еўрарадыё назіраннямі наведвальніца Вольга. А ўсе п’яныя сноўдаліся і танчылі перад музыкамі”.

Але мы не будзем дзяліць людзей на адэкватных і не. Лепш падзелім на прыхільнікаў Drum Ecstasy і выпадковых. Як тым і другім спадабаўся канцэрт?

“Вельмі прыгожая музыка, – распавёў Еўрарадыё хлопец. – Калі шчыра, у мяне сёння дзень нараджэння, 18 год, і я прыйшоў сюды яго адзначыць. Што гэта за гурт, не ведаю, але мне вельмі падабаецца”.

“Drum Ecstasy задаў “двіжуху”, усё астатняе тут шлак і папса, яна тут сама па сабе, людзі п’юць піва... – распавяла Еўрарадыё кампанія за столікам. – Вы заўважылі, што калі пачалі граць Drum Ecstasy, перад сцэнай вырас натоўп, а калі Drum Ecstasy скончылі граць – натоўп знік. Гэта ўсё кажа само за сябе”.

Насамрэч адчуць драйв канцэрту можна было толькі пад сцэнай, таму што ўжо ў 10 метрах ад яе моцы бубноў і гітары чуваць не было.

“Не хапала гуку! Гэта ўвогуле быў канцэрт?” – скардзіліся людзі, якія сядзелі за столікамі.

“Ставіць 3 кілаваты гука для такога гурта і на адкрытай пляцоўцы – гэта непавага для музыкаў. Столькі гука ставяць ў “Графіці” для 50 чалавек!” – заўважыла наведвальніца Вольга.

А вось арганізатарам канцэрт падаўся наадварот загучным. Таму ён і скончыўся на гадзіну раней, чым планаваўся:

“Нам сказалі зварачвацца, бо пайшоў дождж. – сказаў Філіп. – Але я думаю, гэта таму, што мы гучнаватыя для 10 гадзінаў вечара. Хаця мы яшчэ пыталі арганізатараў: “Вы ўпэўненыя, што нармальна пачынаць у 21?” Яны сказалі, так! А вось бачыце, аказалася загучна, нават з такім слабым апаратам”.


Канцэрт скончыўся, заграла “Халі-Галі”, адзін натоўп знік, з’явіўся другі і танцы працягнуліся, толькі сталі больш развязнымі. Ці было што?

Напрыканцы Філіп Чмыр усё ж прызнаўся: “Гэта глабальная канцэпцыя нашага калектыву – укараненне ў масавыя святы і вынішчэнне свядомасці абывацеля!”


Наступнае публічнае вынішчэнне свядомасці прызначанае на 17 верасня ва Ўкраіне, на оўпэн-эйры “Джаз Кактэбель”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі