Дырэктар завода, дзе быў страйк: Заробак затрымалі толькі на два дні

У чацвер з’явілася інфармацыя аб страйку рабочых светлагорскага завода зборнага жалезабетона №11. Там працуе амаль 400 чалавек. Рабочыя незадаволеныя адсутнасцю працы і затрымкай у выплаце заробку. Апошнія месяцы прадпрыемства мае праблемы з пастаўкамі асноўнай сыравіны — цэменту.

Пра сітуацыю на заводзе Еўрарадыё распавёў выконваючы абавязкі  дырэктара Аляксандр Гвоздзеў:

“Рабочыя не баставалі. Звярнуліся афіцыйна, як трэба. Быў сход. Ёсць пратакол схода. Мы растлумачылі сітуацыю, якая склалася. Былі прадстаўнікі працоўнага калектыву ў мяне. Збіралася адміністрацыя, запрашалі галоўнага бухгалтара. Адно з пытанняў было — затрымка заробку. Патлумачылі людзям — ніякіх забастовак. Людзі не баставалі. Усё было ў працоўным рэжыме, як трэба”.

Спадар Гвоздзеў таксама падцвердзіў інфармацыю пра праблемы з пастаўкамі цэменту на завод. Гэта асноўная сыравіна для вытворчасці і праблемы з пастаўкамі пагражаюць спыніць усё прадпрыемства. Апошнім часам яно працуе, адгружаючы цэмент літаральна з вагонаў.

Гвоздзеў: “Затрымка заробка на два дні і не больш за тое. І сёння выходны дзень у сувязі з адсутнасцю цэмента. Больш ніякіх хваляванняў. Вельмі складаная сітуацыя з цэментам — гэта факт. Хаваць не трэба. Мы літаральна працуем з вагонаў, з калёс. А сёння на жаль увогуле нічога няма. Усё. Таму сёння выходны дзень. Згодна з калектыўнай дамовай аб’явілі выходны дзень. Нібыта ўжо адгрузілі нам цэмент, у панядзелак мы павінны арганізавацца. Заробак, на жаль, у сувязі з гэтым біржавым усім... і бюджэт не плаціў ДСК, якія па дамах будуюцца, і рэхам адгукнулася на нас. Затрымалі на два дні”.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі у СМІ прасочваецца інфармацыя аб хваляваннях на прадпрыемствах. У прыватнасці, незадаволенасць заробкамі выказвалі рабочыя некаторых цэхаў Мінскага трактарнага завода. Кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч расказаў Еўрарадыё, калі ў Беларусі незадаволенасць рабочых заробкамі можа перарасці ў сапраўдныя страйкі. На яго думку, гэта можа адбыцца ўжо ў бліжэйшыя месяцы.

Фядыніч: “Верасень, кастрычнік. Вось гэтыя месяцы павінны быць такімі знакавымі. Калі народ зможа праявіць, ці ён здольны свае правы адстойваць, у тым ліку па заробку, ці не. Лічу, што нават больш кастрычнік. Бо людзі пабачаць, што яны ў верасні атрымалі, якія заробкі”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі