Дзе і ў якой валюце захоўваюць свае грошы вядомыя эканамісты?
Заіка давярае больш як 5 банкам, Злотнікаў трымае толькі невялікі ўклад на “чорны дзень”, Нікіценка верыць у рубель, а Чалы зняў долары з рахунку.
Апошнім часам у Беларусі назіраецца нейкая паніка на валютным рынку. Людзі не ведаюць, што рабіць са сваімі накапленнямі. Нехта скупляе валюту, іншыя едуць па машыны ў Еўропу. А як захоўваць свае грошы вядомыя эканамісты, пацікавілася Еўрарадыё.
Леанід Заіка грошы трымае ў банках, якія маюць добрую рэпутацыю.
"У мяне дыверсіфікаваны партфель зберажэнняў. Гэта больш за 5 банкаў. Самі ўклады, дэпазіты захоўваюцца ў еўра, беларускіх рублях, расійскіх рублях і ў доларах. Формулу дэпазітнага партфеля я разлічваю сам".
Здымаць свае ўклады і бегчы набываць сабе іржавы нямецкі аўтамабіль Заіка не будзе.
"Зараз казахі самалётамі ляцяць у Вільню, а беларусы цягнікамі едуць у Германію купляць машыны. На 20 працэнтаў у Заходняй Еўропе падняліся цэны на ўжываныя аўтамабілі дзякуючы ідыётам, якія стварылі ажыятаж".
Старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін таксама кажа пра дыверсіфікацыю і неабходнасць мець некалькі крыніцаў зберажэнняў. Лепш за ўсё, кажа ён, каб грошы круціліся ў справе — напрыклад, фінансавым кааператыве.
"Я захоўваю долары ў беларускім банку і крэдытным саюзе, у доларах і рублях. Ёсць такое таварыства ўзаемнага крэдытавання. У нас у Беларусі іх 15. Я сябра фінансавага кааператыва. За мае грошы таксама выдаюцца крэдыты, калі мне трэба — я таксама бяру грошы. Зразумела, налічваецца працэнт. Гэта найбольш выгодная форма".
Гэтак сама захоўвае грошы і кіраўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў Аляксандр Кучынскі.
"Не сказаць, каб у мяне іх шмат было. Але ўвогуле ў розных валютах, дыверсіфікавана, зразумела ў банку".
Эканаміст Леанід Злотнікаў усе грошы пусціў у справу. Пакінуў толькі невялікую суму на “чорны дзень” у валюце.
"Нешта ёсць на рахунку. Купіў машыну нядаўна, дачу дарабляю, так што асаблівых накапленняў няма. Таму і праблем няма. Дробязь нейкая на "чорны дзень" пад рукой, нешта на дэпазітным бягучым рахунку. Захоўваць грошы звыш за тое, што трэба на "чорны дзень", асаблівага сэнсу няма. Таму што абясцэньваюцца і долары, і еўра. Толькі золата можна захоўваць, але яго трэба было купляць 1,5-2 гады таму, а зараз ужо няма сэнсу. Хто можа хатку купіць ці ўчастак... А людзі, у якіх пабуйней капіталы, свае праблемы вырашаць. Могуць у замежным банку захоўваць, нелегальна, зразумела, ці купіць вілу ў Іспаніі".
Дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка трымае грошы ў беларускіх рублях, пад 12 працэнтаў гадавых.
"Па вялікім рахунку, я заўсёды вяду гаворку, што трэба мінімальна пакінуць валюту на ўнутраным рынку. Пакінуць яе толькі для знешніх аплат. А для ўнутранага абарачэння, як у любых развітых краінах, павінна функцыянаваць свая грашовая сістэма".
Эканаміст Сяргей Чалы трымае грошы ў наяўных доларах. Яшчэ да снежня яны ляжалі ў банку, а пасля эксперт вырашыў іх зняць.
"Захоўваю ў наяўных доларах з канца мінулага года. Нічога тут незвычайнага. Проста сіла звычкі і зручнасці", — дадае ён.